Пакуты прыватызацыі


На нарадзе ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў пра магчымасць прыватызацыі любога прадпрыемства.

Разам з гэтым, «прыватызацыі, каб дагадзіць якім-небудзь дзяржавам і аб’яднанням, у Беларусі не будзе. Калі вы хочаце спадабацца Міжнароднаму валютнаму фонду, Еўразвязу, Амерыцы, Расеі ці яшчэ камусьці, абвясціўшы, што мы прадаем нешта, тады не са мной і не пры мне. Не тая праблема і не тое пытанне, каб прыватызаваць краіну, каб камусьці спадабацца», – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва «БЕЛТА».

«Можа, хтосьці за гэтым сталом хоча паўдзельнічаць у прыватызацыі нейкіх прадпрыемстваў, купіць іх долю? – звярнуўся ён да ўдзельнікаў нарады. Прысутныя ўстрымаліся. – Калі ласка, выходзьце са складу ўраду, даставайце з кішэняў, калі ў вас ёсць, грошы і купляйце прадпрыемства на агульных падставах. Калі такія ў нас сёння ёсць. Але, паводле маёй інфармацыі, напэўна, на тысячу цаглінаў або 10 кубоў сілікатных блокаў, можа, у вас грошы і ёсць, а на астатняе – я не ведаю».

Лукашэнка чарговы раз падкрэсліў, што «абвальнай прыватызацыі ў краіне не будзе». «Гэтае пытанне не абмяркоўваецца, пакуль я прэзідэнт. Не буду я прэзідэнтам – вы ўжо тут глядзіце, як будзеце прадаваць прадпрыемствы, уласнасць, зямлю, можа, і краіну ў цэлым. Хоць калі я буду жывы, я буду заўсёды супраць гэтага выступаць», – папярэдзіў ён.

Кіраўнік Беларусі прызнаў, што працэс прыватызацыі цяжкі і вельмі бюракратызаваны. «Але мы ж не сваё прадаем, гэта не мы з вамі стварылі. Таму трэба і гандлявацца. А не тое, што прыйшоў, убачыў, перамог і забраў прадпрыемства», – заўважыў ён.

«Любое прадпрыемства можа быць прыватызаванае. Любое без выключэння. Але навошта цямніць? У нас да разраду стратэгічных адносілася такое прадпрыемства, як «Белтрансгаз», яно было забароненае да прыватызацыі. Прыватызавалі? Прыватызавалі. Так навошта нам зноў цень на пляцень наводзіць, каб потым выводзіць законам са спісу забароненых да прыватызацыі ды гэтак далей? Трэба раз і назаўсёды вызначыць: не – абвальнай прыватызацыі, яна мусіць насіць кропкавы характар, калі гэта трэба дзяржаве, і ўсе прадпрыемствы ў Беларусі могуць быць прыватызаваныя – пытанне толькі ў цане», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

На ягоную думку, пытанне прыватызацыі ў Беларусі не проста ўрэгуляванае, а «выпакутаванае беларускім народам». «Гэтае пытанне стаіць у цэнтры ўсіх палітычных падзеяў, бо прыватызацыя – пытанне няпростае. Калі казаць зразумелаю для насельніцтва моваю, гаворка ідзе пра куплю-продаж дзяржаўнай уласнасці, створанай шматлікімі пакаленнямі нашых людзей», – патлумачыў Лукашэнка.

Ён пацвердзіў гатоўнасць прадаць ААТ «Беларуськалій» прынамсі за 30 млрд даляраў. «Мы вызначылі кошт – сёння ён большы за 30 млрд даляраў. З ім пагадзіліся шматлікія міжнародныя фінансавыя інстытуты», – сцвярджае ён.

«А тым, хто хацеў прыватызаваць нашае прадпрыемства «Белкалій» і быў гатовы плаціць толькі 15 млрд даляраў, я сказаў: «Да пабачэння, сыходзьце», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Думаю, і далей трэба так працаваць. Той, хто хоча прыйсці ў краіну і купіць нейкую маёмасць, – ён ведае, што ў нас ёсць. Калі не ведае, хай прыязджае, мы любой дэлегацыі можам прапанаваць нашыя прадпрыемствы, але яны каштуюць нятанна», – заявіў Лукашэнка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары