Сенатар Дэрбін прапаноўвае пазбавіць Беларусь усіх чэмпіянатаў


Адзін з лідараў Дэмакратычнай партыі ў сенаце ЗША прапаноўвае перанесці з Беларусі не толькі чэмпіянат свету па хакеі 2014 г., але і іншыя сусветныя спаборніцтвы, у тым ліку чэмпіянат па веласпорце ў 2013 г.

Сенатар ад штату Ілінойс раскрытыкаваў Міжнародную федэрацыю хакею і спонсараў будучага чэмпіянату свету. Ён таксама паведаміў, што звярнуўся ў карпарацыю «Škoda», а таксама кампаніі «Volkswagen», «Nike» і «Reebok» з заклікам спыніць фінансаванне правядзення ў Менску сусветнага першынства. «Ці можна праводзіць такую відовішчную імпрэзу, як чэмпіянат свету, калі людзі, што балатуюцца на прэзідэнта, сядзяць у турмах ды іх катуюць?» – цікавіцца Рычард Дэрбін.

Сенатар параўнаў Беларусь з Лівіяй, Егіптам, Тунісам, Еменам і Сірыяй, а таксама пералічыў імёны некаторых беларускіх палітвязняў: Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца.

Варта адзначыць, што з ініцыятывай адхіліць Беларусь ад правядзення чэмпіянату па хакею – 2014, калі Лукашэнка не вызваліць усіх палітвязняў у краіне, Рычард Дэрбін выступіў яшчэ ў красавіку 2011 г.

Нагадаем, 29 сакавіка сёлета Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў нацыянальныя федэрацыі хакею краінаў ЕЗ і ўсіх дэмакратычных дзяржаваў звярнуцца ў Міжнародную федэрацыю хакею (IIHF) з прапановай яшчэ раз абмеркаваць магчымасць пераносу чэмпіянату свету 2014 г. з Беларусі ў іншую краіну, пакуль не будуць вызваленыя ўсе беларускія палітвязні і ўлады не пачнуць паважаць правы чалавека.

Віцэ-прэзідэнт IIHF Калерва Кумала (Фінляндыя) днямі прызнаўся ў адной з праграмаў фінскага тэлебачання, што любыя рашэнні ў дачыненні чэмпіянату свету ў Менску ён прымае з цяжкасцю. «Сэрца гаворыць адно, галава – другое», – распавёў ён, падкрэсліўшы, што чэмпіянат свету «аддалі не Лукашэнку, а паспяховай хакейнай зборнай Беларусі». Кумала таксама паведаміў, што кіраўніцтва Беларусі ў свой час абяцала спыніць пераслед апазіцыі. Аднак сітуацыя да лепшага не змянілася, канстатаваў чыноўнік.

Заявы пра неабходнасць пазбавіць Беларусь права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі пачалі з’яўляцца пасля жорсткага разгону апазіцыйнага мітынгу нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г. у Менску. Пытанне пра магчымы перанос чэмпіянату свету 2014 года з Беларусі ў іншую краіну кангрэс IIHF мае разгледзець сёлета ў траўні.

belsat.eu

Стужка навінаў