Люстрацыя па-літоўску


У свой час Літва прыняла адзін з самых лагодных законаў у дачыненні былых працаўнікоў савецкіх спецслужбаў. Да сакавіка сёлета яны мелі права добраахвотна прызнацца і паспрабаваць патлумачыць прычыны сваёй супрацы з КДБ. У такім выпадку іхная дзейнасць не сталася б публічна вядомаю.

Аднак далёка не ўсе пайшлі на гэта. Цяпер, калі рыхтуецца да публікацыі спіс асабліва значных агентаў, вядома прынамсі пра 1700 імёнаў. Грамадства атрымае доступ і да іхных працоўных дакументаў: даносаў, справаздачаў і ацэнак дзейнасці.

Як падкрэсліваюць ініцыятары праекту, пакараць былых агентаў – такой мэты няма. Людзі мусяць ведаць, што адбывалася вакол іх.

«У той час, магчыма, не кожны разумеў, што гэта значыць – быць агентам і што гэта за праца. Бо былі розныя абяцанкі, гэта часта падавалася як геройства, нейкі важны занятак. Іншыя вербаваліся таму, што не мелі выйсця. Іх прымушалі пагрозамі. Аднак у кожным выпадку яны самі абралі свой лёс. Першы раз – калі сталі агентамі, а цяпер – яны мелі час патлумачыць усё і прызнацца. У такім выпадку іхныя звесткі заставаліся б засакрэчанымі. І цяпер яны свядома не прызналіся, магчыма, былі нейкія спадзяванні, не ведаю», – кажа старшыня Фонду абароны грамадзянаў Стасіс Каўшыніс.

Гэта, натуральна, будзе траўмаю для блізкіх такой асобы, аднак, паводле Каўшыніса, часу на прызнанне было дастаткова.

belsat.eu

Стужка навінаў