Прапанова перасяліцца ў голае поле


Горад-спадарожнік Смалявічы абяцалі пачаць будаваць яшчэ год таму. Будоўлю першага дому прызначалі на жнівень, але потым тэрмін змясцілі на восень. Як высветлілася, будаўніцтва гораду-спадарожніка не распачалі дагэтуль, пра што паведаміў старшыня Менаблвыканкаму Анатоль Мірчук.

Цяпер Менскі гарвыканкам абяцае пачаць будаўніцтва першага дому ў Смалявічах толькі ў другім паўгоддзі. У 2013 г. будаўнікі збіраюцца ўзяцца за ўзвядзенне яшчэ аднаго жылога дому. Тэрміны і аб’ёмы будаўніцтва паказваюць, што дзяржава на практыцы амаль адмовілася ад ідэі гарадоў-спадарожнікаў. Аптымізаваць колькасць жыхароў сталіцы з такімі тэрмінамі дакладна не атрымаецца.

“Жытло ў прадмесці абавязкова знойдзе сваіх пакупнікоў, – адзначае віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Канстанцін Каламінец. – Нягледзячы на тое, што людзі збольшага не хочуць змяншаць узроўню камфорту, а дабірацца з гораду-спадарожніка да сталіцы будзе даўжэй, чым нават з ускрайку Менску, кошт квадратнага метра там, на мой погляд, мае атрымацца меншы ў два-тры разы. Да таго ж жытло ў малапавярховым доме зможа каштаваць танней дзякуючы адсутнасці ліфта, смеццеправоду, шырокага выкарыстання лесаматэрыялаў. І ў Смалявічах плануецца пабудова энергаэфектыўных дамоў, што зменшыць выдаткі на абслугоўванне дому. З часам гарадскія ўлады падцягнуць туды і інфраструктуру, адкрыюцца гіпермаркеты і кінатэатры”.

Эксперт заўважае, што ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі дзяржаве неабходна прадумаць дадатковыя шляхі, якія дазволяць беларусам займець сваё жытло.

“Пры будаўніцтве ў крэдыт амаль палова сумы ідзе на абслугоўванне крэдыту, што робіць пазыкі непад’ёмным цяжарам для беларускіх сем’яў. Адзін з варыянтаў, які я прапаноўваў для ўключэння ў Нацыянальную платформу бізнесу, – таварныя крэдыты. Беларусь багатая на лясныя рэсурсы, таму калі даць маладым сем’ям драўніну для будаўніцтва пад невялікі адсотак, то ад гэтага нічога не страціць ні бюджэт, ні лясная гаспадарка, бо лес – наш аднаўляльны інвестыцыйны рэсурс”, – кажа адмысловец.

belsat.eu

Стужка навінаў