Віктар Марціновіч у «Гарачым каментары»


Эканамічнае самаадчуванне беларусаў стабілізуецца і цягне ўгару рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі. Пратэставы патэнцыял грамадзянаў паволі зніжаецца, таксама як і колькасць прыхільнікаў інтэграцыі з Еўразвязам. Гэткія вынікі нацыянальнага апытання, праведзенага НІСЭПД.

Тэмпературу беларускага грамадства ў актуальных пытаннях спраўдзіў у сакавіку Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Зафіксаваны ў верасні рэкордна нізкі рэйтынг кіраўніка Беларусі вырас да 34,5 %.

РЭЙТЫНГ КІРАЎНІКА БЕЛАРУСІ:
снежань 2010 – 53 %
снежань 2011 – 24,9 %
сакавік 2012 – 34,5 %.

Аднак амаль палова апытаных НІСЭПД лічыць Аляксандра Лукашэнку вінаватым у эканамічным крызісе.

У ЭКАНАМІЧНЫМ КРЫЗІСЕ ВІНАВАТЫ:
прэзідэнт – 48,6 %
урад – 41,3 %
парламент – 17,4 %
Еўропа – 16 %.

ЗАМЕЖНАПАЛІТЫЧНЫ ВЕКТАР ЗМЯСЦІЎСЯ НА ЎСХОД:
за яднанне з Расеяй – 47%
за яднанне з Захадам – 37%.

Што датычыць апазіцыі, каля 60 % апытаных выступаюць за вызваленне палітвязняў. Вынікі ж выбараў у Расеі лічаць больш дэмакратычнымі, а стаўленне Масквы да дэманстрантаў – лепшым, чымся на радзіме. Пра што сведчаць сакавіцкія настроі ў грамадстве?

Паводле палітолага Віктара Марціновіча, не варта цалкам давяраць звесткам апытання.

“У Беларусі адказы ў апытаннях залежаць ад вельмі шматлікіх фактараў. Як, напрыклад, страх рэспандэнтаў перад тым, хто задае пытанне. Таму ўсе беларускія рэйтынгі даюць даволі ўскосныя вынікі. Ну вось, згодна з НІСЭПД рэйтынг павялічыўся – да гэтага магло прывесці абяцанне падвысіць мінімальны заробак ды іншыя сацыяльна-эканамічныя фактары”, – кажа спадар Марціновіч.

Разам з гэтым больш за 50 % дагэтуль лічаць Аляксандра Лукашэнку вінаватым у крызісе, аднак гэта менш, чымся было ў снежні. Марціновіч зазначае, што гэта адбылося таму, што Лукашэнка значна радзей выказваецца на эканамічныя тэмы, пакідаючы чыноўнікам абавязак тлумачыць рост коштаў і малыя заробкі.

“Вельмі складана цяпер знайсці ў Беларусі чыннікі, якія б аб’ектыўна маглі прывесці да павышэння рэйтынгу кіраўніка краіны. Паводле майго суб’ектыўнага адчування, беларускі прыватны сектар толькі цяпер пачынае ўваходзіць у крызіс. Шмат якія мае сябры кажуць аб закрыцці бізнесу – яны не маюць чым плаціць заробкі працаўнікам, і на гэтым тле чуць пра падвышэнне рэйтынгу дзіўна”, – кажа Віктар Марціновіч.

belsat.eu

Стужка навінаў