Вясновы далікатэс з Кітаю


У горадзе Дун-Ян надзвычай папулярныя асаблівым чынам звараныя яйкі. Паводле мясцовых жыхароў, калі згатаваць яйкі ў мачы маленькіх хлопчыкаў, то яны дапамогуць пераадолець вясновы дысбаланс энергіяў інь і янь у арганізме.

Вадкасць для варкі збіраецца з пачатковых школаў на працягу навучальнага дня. Пасля яе зліваюць у вялікія ёмістасці ды вараць часта папросту на вуліцы, праз што ўвесь горад напаўняецца спецыфічным водарам. Больш за тое – пад канец гатавання яйкі вымаюць і трохі таўкуць шкарлупінне, каб яны належным чынам прасякнуліся адварам. Яшчэ праз гадзіну варкі далікатэс гатовы.

Ґэ Яў-Хўа гатуе гэткія яйкі ўжо дваццаць гадоў і лічыцца адным з галоўных майстроў іхнага прыгатавання.

“Яйкі, згатаваныя ў мачы, – папросту духмяныя. Яны карысныя для здароўя. Нашая сям’я есць іх кожны сняданак. У Дун-Ян усе іх любяць”, – упэўнены ён.

Ґэ кажа, што прыгатаванне такіх яек – старажытная традыцыя, гэтак мясцовыя жыхары вітаюць вясну і падтрымліваюць сваё здароўе. Паздаравець ды збалансаваць свае інь і янь можна за 1,5 юаня – прыкладна ў два разы даражэй за звычайныя яйкі.

Шмат каму такі кошт падаецца надта высокім, таму яны дамаўляюцца са школамі, каб трохі мачы дастаўлялася ім, і вараць яйкі ў хаце.

Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што гэты далікатэс паляпшае крываток і аднаўляе скуру. Нягледзячы на неаднаразовыя заявы дактароў, што нічога карыснага ў мачы, нават малых хлопчыкаў, няма, пераадолець традыцыю надзвычай цяжка.

“Гэтак рабілі і нашыя продкі. Калі вы ясцё гэтыя яйкі, то не будзеце мець праблемаў са скураю, нагамі ды страўнікам. Таксама яны дадаюць энергіі ў працы”, – кажа аматарка асаблівых яек Лі Ян-Чжэнь, якая купіла сабе на вячэру 20 штук у Ґэ Яў-Хўа.

Праўда, маладыя жыхары гораду збольшага не падтрымліваюць мясцовай традыцыі.

“Я ненавіджу гэтыя яйкі. Іншыя ядуць іх, бо вераць у традыцыю гораду Дун-Ян, паводле ягой гэта карысна для здароўя і нават абараняе ад прастуды. Я ў гэта не веру і не магу іх есці”, – кажа студэнтка Ўан Цзюн-Сін.

Пакуль жа традыцыя працягваецца. Мясцовыя жыхары не ўяўляюць надыходу вясны без спецыфічнага водару гатаванага далікатэсу.

belsat.eu
https://youtu.be/PalBttxMuLw

Глядзі таксама
Каментары