Каваленку не дапамогуць, калі ён сам не папросіць


Сёння, 29 сакавіка, у калоніі «Віцьба-3» галадоўніка Сяргея Каваленку наведаў адвакат.

«У калоніі чакаюць згоды суда на прымусовае кармленне Сяргея, але дакладных звестак ні пра вынікі сустрэчы, ні пра рашэнне суда няма», – расказала жонка палітвязня Алена Каваленка.

Жанчына ўпэўненая, што ўлады гатовыя давесці мужа да смерці.

«Разгляд касацыйнай скаргі, якую я падавала ў Віцебскі абласны суд, перанеслі з 30 сакавіка на 10 красавіка. Увесь час мужу не аказваюць ніякай медычнай дапамогі, адмаўляюць у шпіталізацыі. Ягоны стан пагаршаецца, адольваюць болі страўніка і пячонкі. Цяпер муж важыць прыблізна 45 кілаграмаў», – адзначыла Алена.

Паводле маці вязня Лідзіі Каваленкі, ад Сяргея патрабуюць напісаць заяву пра спыненне галадоўкі, без яе яму не будуць забяспечваць неабходнага лячэння.

belsat.eu

Стужка навінаў