Ухналёў: Улады пакуль не вырашылі, што рабіць з затрыманымі палітыкамі


Паводле намесніка старшыні партыі «Справядлівы свет», лёс арыштаваных у Воршы лідара партыі АГП Анатоля Лябедзькі, старшыні беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна і прэс-сакратара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Атрошчанкава вырашаецца не ў Воршы.

Паводле Валерыя Ухналёва, арыштаваным да гэтага часу не выставілі ніякіх абвінавачванняў. «Ужо другі дзень не могуць вырашыць, што з імі рабіць. Я думаю, была каманда іх проста зняць, забраць, а што далей рабіць – зараз ідзе вырашэнне гэтага пытання. Зыходзячы з гэтага, сёння будзе прынятае рашэнне. Улада не адпусціць зараз гэтых людзей, прыдумае ім абвінавачванне. Сітуацыя зразумелая: іх нельга выпускаць з краіны, бо яны думаюць і кажуць інакш, чым сённяшняе кіраўніцтва», – заявіў Ухналёў.

Тым не менш, палітык упэўнены, што да сыходу партыі «Справядлівы свет» у падполле сітуацыя не дойдзе. Ухналёў падкрэсліў: нават дзеючы «ў зусім пачварных прававых рамках», беларуская апазіцыя зможа «змяніць рэжым і ліквідаваць прававое бязмежжа, якое сёння ёсць у Беларусі».

«Развязаць гэтую праблему можна толькі ўнутры Беларусі. Санкцыі ЕЗ граюць нейкую ролю, але не вырашальную. Асноўнае – паказаць людзям, што тое, што сёння робіцца, – для іх перспектыў няма, і для таго каб сітуацыя змянілася, трэба нешта рабіць самім», – адзначыў намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет».

На пытанне, ці ведае ён, як у гэткай сітуацыі перасякаць мяжу, Ухналёў адказаў, што выязджаць з Беларусі ўсцяж будзе, аднак як – тлумачыць адмовіўся.

Валера Ухналёва беларускія памежнікі затрымалі 21 сакавіка на пераходзе «Каменны Лог» пры спробе перасекчы беларуска-літоўскую мяжу на асабістым аўтамабілі. Памежнікі адмовілі яму ў выездзе з краіны, паставіўшы ў пашпарт адпаведны штамп. 22 сакавіка палітык атрымаў даведку пра тое, што ўнесены ў спіс невыязных 5 сакавіка рашэннем Міністэрства юстыцыі з прычыны выстаўлення яму грамадзянскай позвы. Што гэта за позва і хто яе падаў, Ухналёў дагэтуль не ведае.

belsat.eu

Стужка навінаў