У Змітра Бандарэнкі ў калоніі пагоршыўся стан здароўя


У аднаго з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15, пагоршыўся стан здароўя. Як паведаміла жонка палітыка Вольга Бандарэнка, яна атрымала ад Змітра два лісты. «Дзіма піша, што ягоны стан здароўя пагаршаецца. Пасля таго як ён застудзіўся, у яго з’явіліся ўскладненні, у яго падагрычны артрыт – гэта жудасныя болі. І цяпер, пасля здымка, аказалася, што ў яго артроз левага галёнкаступнёвага сустава, а гэта ўжо значна горш за артрыт, і артроз вялікага пальца на правай назе», – расказала Вольга.
Пры гэтым яна адзначыла, што ў калоніі Бандарэнку «не даюць ніякіх паслабленняў, яго па-ранейшаму выводзяць на пастраенні, нягледзячы на хваробы».
На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. Зміцер Бандарэнка быў адною з ключавых фігураў каманды кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, які таксама асуджаны паводле справы аб масавых беспарадках 19 снежня і адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба-3». Бандарэнку прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 г. у яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені 2011-га яму зрабілі аперацыю на хрыбетніку.
У канцы студзеня сёлета Бандарэнку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя: яго абавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у страі ды нават забаранілі карыстацца мыліцаю. Пасля таго, як 1 лютага асуджаны палітык напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцаю. Сваякі і праваабаронцы расцэньваюць такія дзеянні ў дачыненні Бандарэнкі як катаванні. Скаргу з просьбаю расследаваць факты ўжывання катаванняў да Змітра Бандарэнкі накіравалі ў ААН.
belsat.eu
Стужка навінаў