Еўразвяз прыняў асуджальную рэзалюцыю пра Беларусь


Дакумент заклікае перанесці чэмпіянат свету па хакеі – 2014 з Беларусі ў іншую краіну, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў.

У звязку з парушэннем у Беларусі правоў чалавека і асноўных свабодаў, Еўразвяз заклікае «нацыянальныя федэрацыі хакею на лёдзе краінаў Еўразвязу ды іншых дэмакратычных краінаў аказаць ціск на Міжнародную федэрацыю хакею, у тым ліку на травеньскім кангрэсе ў Хельсінкі, каб яна перагледзела сваё папярэдняе рашэнне і вывучыла магчымасць даверыць правядзенне чэмпіянату свету іншай краіне, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітзняволеныя».

Таксама, згодна з прынятым дакументам, «пакуль не будуць вызваленыя і цалкам рэабілітаваныя ўсе палітзняволеныя, а таксама ў адсутнасці прагрэсу ў сферах дэмакратыі, правоў чалавека і прававой дзяржавы, дыялог паміж Еўразвязам і Беларуссю не магчымы».

Рэзалюцыя пералічае вязняў, якіх належыць вызваліць у першую чаргу. Гэта кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, экс-кандыдаты на прэзідэнта Мікалай Статкевіч і Андрэй Саннікаў, палітыкі Павал Севярынец і Зміцер Бандарэнка ды актывіст КХП – БНФ Сяргей Каваленка.

Еўрапарламент абяцае надалей супрацьдзейнічаць рэпрэсіям Менску супраць палітычных апанентаў, грамадзянскіх актывістаў і незалежных медыяў.

Дакумент падкрэслівае, што салідарны ад’езд з Менску амбасадараў усіх краінаў ЕЗ сведчыць пра тое, што спробы ўнесці разлад у шэрагі ЕЗ з боку Беларусі былі марныя. Рэзалюцыя асуджае абражальнае выказванне прэзідэнта Беларусі на адрас міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле.

Дэпутаты зазначаюць: «Менску, замест таго каб усё болей самаізалявацца, варта было б зрабіць правільны выбар для свайго народу і адкрыцца для дэмакратыі».

Еўрапарламент выказвае «глыбокі жаль у звязку з выкананнем смяротнага выраку асуджаным за выбух у менскім метро Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву» і заклікае ўлады выдаць іхныя целы сваякам ды неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Рэзалюцыя падтрымлівае пашырэнне абмежавальных захадаў, прынятых Радай ЕЗ 23 сакавіка, і прапаноўвае прыняць да ўвагі апошнія дыпламатычныя канфлікты з Беларуссю ды пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Разам з гэтым Еўрапарламент просіць Еўракамісію фінансава і палітычна падтрымліваць грамадскія арганізацыі ды незалежныя медыі.

belsat.eu

Стужка навінаў