Лянчэўскі: адзіны рэгістр насельніцтва запрацуе праз год


Паводле намесніка начальніка дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі, на першым этапе, які завершыцца ў траўні 2013-га, у рэгістр трапяць асноўныя персанальныя звесткі з пашпарта: прозвішча, імя, імя па бацьку, дата і месца народзінаў, фота, месцажыхарства, грамадзянства і г. д. Потым у рэгістр дададуць інфармацыю пра бацькоў, апекуноў, дзяцей, групу крыві, пра пажыццёвую нязгоду на забіранне органаў, прафесійную дзейнасць, падатковыя абавязкі.

МУС абяцае, што доступ да персанальных звестак не будзе адкрыты, уваход у базу будзе ажыццяўляцца толькі праз электроны подпіс. Паводле намесніка начальніка, з увядзеннем рэгістру ў грамадзянаў не будзе неабходнасці звяртацца ў розныя дзяржаўныя органы, каб падаць даведкі ў іншыя дзяржорганы. Чыноўнікі самі будуць перадаваць інфармацыю міжсобку.

Праваабаронца Алег Волчак зазначае, што перад прыняццем рашэння аб стварэнні рэгістру ўладам неабходна было б наладзіць грамадскае абмеркаванне з удзелам грамадскіх арганізацыяў і медыяў. На ягоную думку, шмат беларусаў адмоўна паставяцца да таго, што дзяржава будзе ведаць усе таямніцы іхнага асабістага жыцця.

“У нашай закрытай краіне падобная база можа быць выкарыстаная супраць грамадзянаў, ужо зараз без законных падставаў існуюць спісы невыязных. Падобныя дзеянні дыскрэдытуюць дзяржаўныя органы. Стварэнне рэгістру можна лічыць адною з прыкметаў аўтарытарнага рэжыму, які імкнецца кантраляваць усе бакі жыцця грамадзянаў. Не здзіўлюся, калі па нейкім часе дзяржава паспрабуе кантраляваць нават думкі беларусаў”, – зазначыў Алег Волчак.

На меркаванне праваабаронцы, стварэнне гэткай базы звестак дадасць працы дзяржаўным службоўцам, якім трэба будзе сабраць усю неабходную інфармацыю, і можа выклікаць хвалі пратэстаў насельніцтва.

“У шэрагу сітуацыяў рэгістр можа зрабіць дрэнную паслугу звычайным грамадзянам, напрыклад, падчас прыёму на працу захаваць ад працадаўца сваё веравызнанне ці іншыя падрабязнасці асабістага жыцця стане немагчыма”, – пракаментаваў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў