Замест вуліцы Быкава, станцыя метро імя пісьменніка?


Актывісты кампаніі “Гавары праўду!” перадалі ў Менгарвыканкам больш за 36 тысяч подпісаў грамадзянаў за тое, каб адна са станцыяў трэцяй лініі Менскага метрапалітэну насіла імя Васіля Быкава.

Лідар кампаніі Уладзімір Някляеў паведаміў, што подпісы перадалі ў межах акцыі “Грамадзянская дамова”. Прадстаўнікі “Гавары праўду!” бяруць абавязак усе ініцыятывы, што ідуць ад людзей, “пачуць, падтрымаць і давесці да тых структураў, якія гэтыя прапановы могуць рэалізаваць”.

“Нас вінавацяць у тым, што мы гэтым займаемся. Кажуць, што калі б мы не лезлі ў гэтую справу, даўно імя Быкава было б увекавечанае. Каб яно было ўвекавечанае, дык мы б ужо і не лезлі. Пакуль што нават тэндэнцыі да гэтага няма”, – заявіў Някляеў.

Актывіст кампаніі Міхаіл Пашкевіч паведаміў, што некалькі тыдняў таму гарадскія ўлады абвесцілі адкрыты конкурс на назвы станцыяў трэцяй лініі метрапалітэну, будаўніцтва якой плануецца пачаць у 2015 годзе. Актывісты “Гавары праўду!” прапанавалі мясцовым уладам назваць станцыю метро, якая будзе месціцца каля дому на вуліцы Максіма Танка, дзе жыў Васіль Быкаў, яго імем. “Людзі “пайшлі ў поле”, абышлі ўвесь гэты раён. Але была і адна інавацыя – подпісы праз інтэрнэт. Мы вырашылі, калі ўжо Закон аб зваротах грамадзянаў дазваляе падпісваць усе звароты праз інтэрнэт, чаму б гэтага не зрабіць? Грамадзяне нас не падвялі – за пяць дзён амаль тысяча подпісаў”, – сказаў Пашкевіч.

Збор подпісаў за станцыю імя Быкава пачаўся яшчэ ўлетку 2010 года, з таго часу і сабралі больш за 36 тысячаў.

Актывісты “Гавары праўду!” перадалі подпісы ды калектыўную петыцыю галоўнаму спецыялісту аддзелу працы са зваротамі грамадзянаў. Ён прыняў заяву ад грамадзянаў і паабяцаў перадаць яе кіраўніцтву Менгарвыканкаму.

“У палітыцы адно з самых галоўных – упартасць у дасягненні пастаўленай мэты. Мы паставілі мэту ўвекавечыць імя Васіля Быкава, нам пакуль што не даюць гэтага зрабіць на зямлі – не даюць назваць вуліцу. Дык, магчыма, мы даможамся таго, што імя Быкава спачатку з’явіцца пад зямлёю? І пасля разам з гэтым іменем пачне падымацца з-пад зямлі ўся Беларусь”, – адзначыў Някляеў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары