Намеснік міністра энэргетыкі: Чалавека, які «выраніў» рэактар БелАЭС, адразу звольнілі


Намеснік міністра энэргетыкі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Міхадзюк у інтэрв’ю літоўскай тэлерадыёвяшчальнай кампаніі LRT адказаў на пытанні, якія тычацца будаўніцтва Беларускай АЭС.

Міхаіл Міхадзюк патлумачыў, чаму для будаўніцтва пляцоўку ў Астраўцы. Гэтае пытанне літоўцы неаднойчы задавалі беларускаму боку.

У 2005 годзе Лукашэнка зацвердзіў канцэпцыю, якая прадугледжвала вывучэнне мэтазгоднасці будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў краіне. Пры вывучэнні ўлічвалі ў першую чаргу тое, што ўласныя паліўна-энергетычныя рэсурсы Беларусі забяспечваюць толькі 18% ад патрэбаў.

«Кошты на прыродны газ з таго часу значна выраслі. Таму неабходна было шукаць шляхі выхаду з сітуацыі,», – патлумачыў Міхадзюк прапанову будаваць атамную электрастанцыю, канчатковае рашэнне па якой прынялі ў 2008 годзе.

Патэнцыйныя пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС ранжыравалі ў залежнасці ад магчымасці выдачы электрычнай магутнасці, наяўнасцю падʼязных шляхоў і крыніцаў вады. На выбар таксама ўплывала наяўнасць вайсковых камунікацый, газаправодаў, каля якіх нельга будаваць, і многія іншыя фактары.

Максімальна адказвалі неабходным крытэрам чатыры пляцоўкі: на ўсходзе Беларусі гэта былі Краснапалянская і Кукшынаўская пляцоўкі. Астравецкая і Верхнядзвінская пляцоўкі першапачаткова разглядаліся як рэзервовыя. Затым у адпаведнасці з патрабаваннямі МАГАТЭ правялі пошукавыя работы на Краснапалянскай і Кукшынаўскай пляцоўках. Аднак там вявілі пласт мелавога грунту, а таксама высокі ўзровень грунтавых водаў.

Намеснік міністра сцвярджае, што на Астравецкай пляцоўцы правялі поўны абʼём пошукаў і не выявілі ніводнага адмоўнага фактару ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі па размяшчэнні АЭС. Літоўскія журналісты нагадалі яму, што ў 1993 годзе беларускія навукоўцы ўжо даследавалі Астравецкую пляцоўку і прызналі яе самой непадыходзячай для будаўніцтва АЭС.

«Мы вывучылі матэрыялы гэтых даследаванняў. Гутарылі з тымі, хто іх праводзіў, і высветлілі наступнае: ні адной свідравіны ў 1993 годзе прасвідравана не было. Усе абгрунтаванні зробілі на падставе выключна тэарэтычных даследаванняў. Ды і неабходнай тэхнікі для паўнавартасных пошукаў тады ў рэспубліцы не было», – растлумачыў Міхадзюк.

Падзенне блоку АЭС чыноўнік назваў «дробных падзеяй»

Намеснік міністра лічыць, што сітуацыю, якая адбылася на АЭС у мінулым годзе з корпусам рэактара (у ліпені падчас перамяшчэння корпус рэактара для першага блока БелАЭС выслізнуў і датыкнуўся зямлі), нельга лічыць інцыдэнтам.

«Гэта не інцыдэнты. Вось уявіце: паставілі апалубку, пачалі заліваць бетон. Падкасілася адна «нага», і злілося на зямлю каля пяці кубаметраў бетону. Гэта што – парушэнне бяспекі станцыі? Гэты бетон тут жа прыбралі, паправілі апалубку і залілі бетон зноў. Вось гэта першы так званы інцыдэнт, які прадставілі як нейкую аварыю», – заявіў Міхадзюк.

Чыноўнік лічыць, што калі падаваць усю інфармацыю аб такіх «дробных падзеях», якія сёння адбываюцца на будоўлях, у тым ліку і ў Літве, «газеты былі б запоўненыя толькі гэтай інфармацыяй».

«Гэта звычайнае, звычайнае здарэнне на будоўлі, хоць, вядома, такіх рэчаў нельга дапускаць», – заўважыў Міхадзюк. Ён падкрэсліў, што гэты выпадак – вынік безадказнасці аднаго выканаўцы, а не сістэмы. А спецыяліст, які дапусціў гэта, адразу быў звольнены.

Акрамя таго, намеснік міністра заявіў, што пасля ўводу ў эксплуатацыю БелАЭС, над ёй закрыюць паветраную прастору для самалётаў. Таксама на станцыі будзе дзейнічаць супрацьпаветраная абарона.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў