Лябедзьку, Калякіна і Атрошчанкава знялі з маскоўскага цягніка


Спачатку іх падазравалі ў перавозе наркотыкаў, потым абвінавацілі ў дробным хуліганстве. З Масквы апазіцыянеры мелі вылецець у Брусэль.

У Оршы мінулай ноччу былі знятыя з цягніка Менск – Масква і затрыманыя лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін і прэс-сакратар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Аляксандр Атрошчанкаў.

Як паведаміла жонка Атрошчанкава Дар’я Корсак, затрыманых даставілі ў Аршанскі РАУС па абвінавачванні ў дробным хуліганстве. “Супрацоўнікі мытні заявілі, што яны падазраюцца ў транспартоўцы наркатычных сродкаў. Іх даставілі ў Аршанскі РАУС, дзе яны знаходзяцца і цяпер. Хутка над імі можа адбыцца суд. Цяпер іх абвінавачваюць ужо ў тым, што яны хуліганілі ў цягніку”, – распавяла Дар’я.

Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў накіроўваліся ў Маскву, адкуль планавалі вылецець у Брусель для ўдзелу ў сустрэчы з прадстаўнікамі Еўракамісіі. Аляксандр Атрошчанкаў, акрамя таго, быў запрошаны на запіс інтэрв’ю для “Рускай службы навін” у Маскве.

Як паведаміў яго бацька Сяргей Атрошчанкаў, які цяпер знаходзіцца ў Оршы, у бліжэйшы час затрыманых павінны даставіць у суд Оршы і Аршанскага раёна. “Я толькі ведаю, што іх вінавацяць у дробным хуліганстве. Мне сказалі, што суд пачнецца ў 10.45”, – сказаў Сяргей Атрошчанкаў. У судзе таксама дзяжураць назіральнікі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і мясцовыя праваабаронцы.

Тэлефонная сувязь з затрыманымі адсутнічае.

belsat.eu

Стужка навінаў