«Падарунак» беларускай амбасадзе: лава з імёнамі ахвяраў Лукашэнкі


Сёння ў берлінскім Трэптаў-парку за некалькі дзясяткаў метраў ад будынку амбасады Беларусі ўсталявалі лаву з імёнамі 19 ахвяраў рэжыму Лукашэнкі. Калі людзей выпусцяць з турмаў, таблічкі знікнуць.

Кіраўніца праекту «Бюро контрпрапаганды» мастачка Марына Напрушкіна патлумачыла, што вырашылі абмежавацца дзевятнаццаццю імёнамі, пазначанымі ў спісе палітвязняў або зніклых без вестак арганізацыі «Вясна». Паводле яе, пералічыць усіх пацярпелых ад уладаў Беларусі на адной лаве немагчыма. Мастачка спадзяецца, што прыйдзе час, калі на лаве не застанецца ніводнай таблічкі.

Марына Напрушкіна ажыццявіла праект супольна з Табіясам Вайманам, арганізатарам «Беларускага стала заўсёднікаў» у Берліне. «Я лічу, што гэта выдатны праект, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да палітвязняў у Беларусі, выступіць перад амбасадаю і запатрабаваць вызваліць гэтых людзей. Важна, каб пра палітвязняў ведалі не толькі палітыкі Еўразвязу, якія ў курсе сітуацыі ды абмяркоўваюць яе і магчымасць увядзення санкцыяў, важна праінфармаваць шырокую грамадскасць і паказаць, што мы не можам заставацца абыякавыя і жыць спакойна, пакуль у Еўропе людзей пераследуюць праз іхныя палітычныя перакананні”, – сказаў на адкрыцці Маркус Мэкель, былы міністр замежных справаў ГДР, чалец Бундэстагу (1990–2009). На адкрыццё ініцыятывы таксама прыйшоў эксперт фонду Маршала Ёрг Форбрыг.

belsat.eu

Стужка навінаў