Вынікі эксперыменту: Менш злачынстваў, больш памерлых


Забарону на продаж “чарнілаў” у Менскай вобласці працягнуць на 2012 год. Пладова-ягаднае віно па-ранейшаму нельга будзе набыць у Слуцкім, Бярэзінскім, Лагойскім, Салігорскім, Старадарожскім, Крупскім раёнах і Жодзіна, паведамілі ў Менаблвыканкаме.

Антыалкагольны эксперымент, распачаты ў Слуцкім раёне ўлетку 2011 г., лічаць паспяховым. Паводле звестак Менаблвыканкаму, за час яго дзеяння зменшылася колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення: 5645 у 2010-м супраць 5089 летась. Ад агульнай жа колькасці злачынстваў за год яны скалі 38,2 %.

Разам з тым павялічылася колькасць жыхароў, памерлых ад выпадковага алкагольнага атручвання (з 364 у 2010-м да 382 у 2011-м). Як заўважае доктар-псіхатэрапеўт медычнага цэнтру “Доктар Стэй” Аляксандра Каляда, забарона на продаж танных вінаў не зменшыць алкагалізацыі насельніцтва.

Паводле эксперта, тыя, хто прызвычаіўся да пладова-ягаднага, знаходзіцца ў такой стадыі алкагольнай залежнасці, што гатовыя піць любую вадкасць, якая ўтрымлівае спірт, нават шклоачышчальнік. „Алкагалізм – хвароба на ўсё жыццё, хворыя не здолеюць піць у невялікіх колькасцях “на святы”. Адзінае выйсце для іх – з дапамогаю лячэння цалкам адмовіцца ад спажывання спіртовых напояў”, – адзначае Аляксандра Каляда.

На ейнае меркаванне, зменшыць колькасць спажывання алкаголю ў краіне можна толькі шляхам правільнага выхавання з дзіцячых гадоў. “Магчыма, эфектыўная будзе захада, калі алкаголь пачнуць прадаваць з 21 года. Да гэтага ўзросту ў моладзі сфармуецца кола інтарэсаў, і спіртовыя напоі не будуць выклікаць цікавасці”, – разважае экспертка.

belsat.eu

Стужка навінаў