Студэнтаў БДУ заклікаюць прагаласаваць датэрмінова і за Лукашэнку


На гэтым тыдні з працоўнымі візітам усе інтэрнаты БДУ наведаў рэктар Сяргей Абламейка. Апроч таго, тлумачальную размову наконт выбараў са студэнтамі правялі ўсе дэканы факультэтаў.

Фармальна адміністрацыя ўніверсітэту назвала імпрэзы “планавымі сустрэчамі, якія праводзяцца раз на семестр, дзе студэнты могуць задаць адміністрацыі свае пытанні”. Фактычна ж, рэктар і дэканы ў сваіх выступах даводзілі вынікі пяцігодкі і казалі пра планы на наступныя пяць гадоў.

Рэктар Абламейка падкрэсліў: “Асабіста я буду галасаваць за дзейснага прэзідэнта, бо мяне ўсё задавальняе ў нашай краіне, і я хачу, каб усё і надалей так працягвалася”. Схадзіць на выбары – галоўны абавязак студэнтаў. Пра гэта на сустрэчы казаў дэкан факультэту журналістыкі Сяргей Дубовік. Ён таксама падкрэсліў, што будзе галасаваць за Лукашэнку.

Нагадванне пра датэрміновыя выбары таксама прагучала. “Не адкладвайце сваё галасаванне на апошні дзень, галасуйце тэрмінова і датэрмінова”, – адзначыў рэктар БДУ. Апроч таго, на сустрэчах закраналася пытанне пратэстаў на Плошчы 19 студзеня. Дэкан Дубовік папярэдзіў: “Мітынг не санкцыяніраваны, таму нашых студэнтаў там не павінна быць. Падумайце пра сваю будучыню!”

belsat.eu

Стужка навінаў