Алег Гулак: Дзяржава неправамоцна збірае грошы з арганізатараў Дня Волі


Арганізатары Дня Волі ўжо сабралі неабходныя 5 млн рублёў – чакаецца, што такі рахунак выставяць улады Менску за паслугі ў ахове грамадскага парадку, а таксама за выдаткі, звязаныя з медычным абслугоўваннем і прыбіраннем тэрыторыі падчас акцыі.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак лічыць гэтае патрабаванне парушэннем Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам свабоду сходаў і выказванняў. “Дзень Волі не ёсць камерцыйным публічным дзеяннем, каб патрабаваць з арганізатараў грошы за яго правядзенне. Наадварот, дзяржава мусіла стварыць умовы для правядзення акцыі, дзе беларусы меліся выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Мела засцерагаць ад сутычак ды рэгуляваць рух транспарту такім чынам, каб ён не перашкаджаў дэманстрантам”, – зазначыў Алег Гулак.

Ад імя аргкамітэту заяўку на правядзенне Дня Волі падавалі Алесь Марачкін і Уладзімір Колас. “Асабіста я, як фізічная асоба, падпісаў дамовы з гарадскім МНС на гарантаванне супрацьпажарнай бяспекі, гэта каштуе 3 млн 380 тысяч рублёў, і з гарадскім упраўленнем аховы здароўя – дзяжурыў аўтамабіль хуткай дапамогі, гэта каштуе каля 700 тысяч рублёў”, – распавёў Уладзімір Колас.

Паводле праваабаронцы, стандарты міжнароднай палітычнай практыкі ў Беларусі не працуюць, а рэальныя інструменты, каб выправіць сітуацыю, адсутнічаюць. “Рэальных механізмаў, якія б дазволілі вярнуць прававую сітуацыю ў законнае рэчышча, цяпер няма. Беларусь парушае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязкі”, – заявіў праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў