Казахстан: Распачаўся працэс у справе закалотаў у Жангаўэзене


У снежні 2011 г. паліцыя расстраляла прынамсі 14 удзельнікаў выступаў у Жангаўэзене, аднак на лаве падсудных – удзельнікі маніфестацыі, а не сілавікі. “Тут працоўны клас, жыхары гораду Жангаўэзен, яны ні ў чым не вінаватыя, і суд – бардак. Сказалі – свабодны суд, а тут людзі не могуць зайсці. Сваякі з адной сям’і прыехалі, дванаццаць чалавек, і не адзін не можа туды трапіць. А хто сядзіць усярэдзіне, мы не ведаем. Мы хочам справядлівасці”, – гаворыць Амантай Жаўмітбай, адзін са сваякоў абвінавачаных.

Зала паседжанняў, разлічаная на 200 чалавек, перапоўненая, яшчэ сотні сваякоў абвінавачаных стаяць на вуліцы, ля будынку суда. Абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, нападах на паліцыю, рабаванні ды падпалах выстаўленае 37 грамадзянам Казахстану, сярод якіх двое няпоўнагадовых. Суддзя Аралбай Нагашыбаеў адклаў судовае разбіральніцтва, калі высветлілася, што адзін з двух няпоўнагадовых абвінавачаных не з’явіўся ў суд.

16 снежня, у дзень святкавання 20-х угодкаў незалежнасці Казахстану, на галоўнай плошчы Жангаўэзену меў адбыцца святочны канцэрт. Гарадскія ўлады не ўлічылі, што на тым жа месцы ўжо сем месяцаў працягваўся страйк нафтавікоў кампаніі “ЭзенМунайГаз”. Пратэстоўцаў спрабавалі выцесніць з занятай плошчы, адбыліся сутычкі з паліцыяй. Праваахоўнікі пачалі страляць, у выніку чаго загінулі людзі, пацярпелі яшчэ каля 500 чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў