Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў


https://youtu.be/-POYBQ0_2fE
Незавершаная аўтабіяграфія Васіля Быкава, працоўныя нататкі, накіды незавершанай “Гарадзенскай аповесці”. Дзякуючы выдавецкай ініцыятыве “Гарадзенская бібліятэка” чытач можа пазнаёміцца з не вядомымі дагэтуль творамі вялікага беларускага пісьменніка.

Зборам матэрыялаў і ўкладаннем кнігі “Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў” заняўся Сяргей Шапран, біёграф Быкава. “Дзякуючы ягонай настойлівасці я сабраў усе гэтыя разрозненыя паперы, атрымаўся архіў, які я перадаў спадару Шапрану. Гэты архіў збіраўся шмат гадоў і нават дзесяцігоддзяў – ён быў хаатычны, і яго трэба было сабраць разам. Тут і лісты, і рукапісы, і друкаваныя аркушы, і ліставанне, і маса іншага матэрыялу, у тым ліку нататнікі”, – распавядае Васіль Быкаў, сын пісьменніка.

“Мабыць, самы вялікі твор у выданні – гэта аповесць “Атака”, напісаны, мяркуючы з усяго, у 1962–1963 гг. Гэта цалкам самастойны твор, але такім чынам Быкаў ужо пачынаў думаць, распрацоўваць сюжэт будучай знакамітай аповесці “Праклятая вышыня”, якая была напісаная ў 1967 г.”, – гаворыць Сяргей Шапран. Укладальнік зборніка зазначае, што яшчэ адзін вялікі раздзел – гэта нататнікі Быкава, дзе падаюцца накіды будучых сюжэтаў, якія так і не былі напісаныя.

“Гэта не зборнік невядомых твораў Васіля Быкава ў звычайным разуменні – гэта першае цалкам архіўнае выданне народнага пісьменніка Беларусі, куды ўвайшлі ягоныя раннія творы, напісаныя больш як паўстагоддзя таму, што ніколі дасюль не друкаваліся: аповесць, апавяданне, прыпавесці, кінасцэнарый паводле аповесці “Сотнікаў”, а таксама незавершаная аўтабіяграфія”, – гаворыцца ў прадмове да выдання.

“Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў” выйшла ў кніжнай серыі “Гараждзенская Бібліятэка”. Гэта 450 старонак плюс 24 старонкі фотаздымкаў, наклад 1000 асобнікаў. Кнігу можна набыць у Менску ў “Акадэмкнізе”, “Кніжным салоне”, кнігарні “Эўрыка”, кнігарні “ЛогвінаЎ”, управе БНФ, у прыватных распаўсюднікаў. У Гародні ды іншых рэгіёнах можна набыць на прэзентацыях

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары