Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам прэміі Нарвежскага саюзу пісьменнікаў


Дыплом “За свабоду слова” ўручаецца за “асаблівы ўнёсак у абарону свабоды слова і талерантнасці”. Сярод лаўрэатаў гэтай узнагароды ў папярэднія гады былі расейская журналістка Анна Паліткоўская, Амос Оз з Ізраілю, Даўіт Ісаак з Эрытрэі ды іншыя вядомыя асобы, якія вызначыліся сваёю барацьбою за адстойванне права на выказванне меркавання ў сваіх краінах.

Як распавяла жонка Бяляцкага Наталля Пінчук, ганараванне дыпломам адбылося 25 сакавіка ў Осла ў межах з’езду саюза пісьменнікаў Нарвегіі. “За Алеся дыплом атрымала я. Гэта было даволі нечакана, я не рыхтавалася да такой цырымоніі. Думаю, для яго гэта будзе сюрпрызам”, – адзначыла Наталля.

Нагадаем, у лістападзе мінулага года суд Першамайскага раёну Менску прызнаў Алеся Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Гэтыя грошы выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі было немагчыма, бо цэнтр “Вясна” працуе нелегальна – улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.

Цяпер Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску.

belsat.eu

Стужка навінаў