Леанід Заіка: Навошта вырабляць беларускія памперсы?


Першыя падгузкі айчыннай вытворчасці мусяць з’явіцца ў ліпені. Завод для іх вырабу пабудуюць у СЭЗ «Магілёў».

Замежнае прадпрыемства «БелЭмса» збіраецца ўкласці ў будаўніцтва 4 млн еўраў, каб вырабляць 112 млн падгузак на год. Завод створыць 30 працоўных месцаў. Прадаваць прадукцыю плануюць у Беларусі, Расеі ды Казахстане.

Эканаміст Леанід Заіка адзначае, што беларускія падгузкі будуць або саступаць замежным агульнавядомым маркам у якасці, або прадавацца за вышэйшы кошт. «Імпартазамяшчэнне – тэарэтычная памылка, якую нашы чыноўнікі актыўна прасоўваюць як панацэю для дзяржавы. Калі б усе краіны кіраваліся прынцыпам замяшчэння імпарту, то сусветная эканоміка даўно б спыніла сваё існаванне. Вырабляць тавар, які прасцей і танней набыць за мяжою, не мае сэнсу. Лепш прывезці тавар з краіны, дзе ўжо засвоілі тэхналогію, чым выдаткоўваць грошы на наладжванне новай вытворчасці», – пракаментаваў эксперт.

Леанід Заіка скептычна ставіцца да спісу тавараў, вытворчасць якіх збіраюцца засвоіць у Беларусі. «У мяне ўзнікае пачуццё «захаплення», калі я бачу, што краіна будзе вырабляць 7 тысяч бакавых палічак для адзення. Чыноўнікі ўжо не ведаюць, якім чынам патраціць бюджэтныя грошы», – разважае эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў