Урад зноў фліртуе з прадпрымальнікамі


Праекты дакументаў, звязаных з прадпрымальніцтвам, будуць выносіцца на абавязковае грамадскае абмеркаванне. Адпаведную пастанову прыняў Савет Міністраў.

Дзяржаўныя органы цяпер мусяць разглядаць праекты нарматыўных актаў, якія датычаць прадпрымальнікаў, на грамадска-кансультатыўных радах у пытанні развіцця прадпрымальніцтва. Апошнія ўжо існуюць або будуць створаныя пры дзяржаўных органах. Праекты дакументаў будуць размяшчацца на афіцыйных сайтах органаў, якія іх распрацоўваюць.

Старшыня праўлення РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка не падзяляе аптымізму ад новаўвядзення, хоць раней арганізацыя выступала з падобнаю прапановаю. «Перспектыва» ініцыявала стварэнне рады грамадскіх арганізацыяў, якая б мела права накладаць вета на законапраекты, што могуць дрэнным чынам адбіцца на стане малога і сярэдняга бізнесу.

«Ідэя стварэння дарадчага органу не новая, але не зразумела, паводле якіх крытэрыях будуць абірацца яго чальцы. Можа атрымацца, як з Дырэктываю № 4 – шматабяцальным дакументам, які зусім не працуе. Наша арганізацыя праводзіць шмат даследаванняў стану і праблемаў прадпрымальнікаў, мы выпрацавалі шэраг прапановаў, якія здолелі б палепшыць стан бізнес-клімату ў краіне, але пакуль улады не ідуць з намі на дыялог. Хацелася б, каб нас запрасілі ў склад такіх радаў, але, як паказвае досвед, РГА «Перспектыва» – непажаданы госць для чыноўнікаў», – адзначыў Анатоль Шумчанка.

Прынятая пастанова абяцае, што чыноўнікі будуць улічваць выказаныя на грамадскім абмеркаванні заўвагі ды прапановы, а адказныя за рыхтаванне дакументу органы – выпраўляць хібы. Пасля дапрацоўвання спрэчных момантаў праект мусяць зноў размясціць на сайце для грамадскага абмеркавання і накіраваць на пісьмовае ўзгадненне ў экспертную раду”.

Прадстаўніца праўлення «Сталічнага клубу ўзаемадапамогі» Алена Каляда выказала меркаванне, што створаныя рады могуць ператварыцца ў фармальнасць. «На словах новаўвядзенне выглядае станоўча, але паглядзім, як яны здолеюць працаваць. Галоўнае, каб да меркавання экспертаў прыслухоўваліся. Грамадскім арганізацыям ёсць што сказаць», – пракаментавала яна.

belsat.eu

Стужка навінаў