Што новага ў сёлетнім байкоце парламенцкіх выбараў?


У кожным горадзе «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» абярэ лідара кампаніі байкоту.

Сваю стратэгію на 2012 г. аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» агучыў 26 сакавіка ў Менску.

«БХД вызначыла ўмовы, пры якіх мы будзем удзельнічаць у наступных парламенцкіх выбарах, вылучаць сваіх кандыдатаў, – паведаміў сустаршыня аргкамітэту Віталь Рымашэўскі. – Гэтыя ўмовы былі супольна з іншымі палітычнымі сіламі дасланыя прадстаўнікам беларускіх уладаў. Галоўныя сярод іх – вызваленне палітвязняў, змена выбарчага заканадаўства, свабодны падлік галасоў, свабода СМІ і дзейнасці палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў. Ніводнае з гэтых патрабаванняў не было выкананае, і, згодна з рашэннем з’езду, з 25 сакавіка мы пачынаем актыўную кампанію байкоту».

Паводле палітыка, у гэтай кампаніі БХД будзе выкарыстоўваць не толькі традыцыйныя формы агітацыі, такія як абход кватэраў, распаўсюд улётак, пікеты, размовы з грамадзянамі, але і актыўную працу ў інтэрнэце. У кожным буйным горадзе краіны будзе вылучаны лідар кампаніі байкоту – «гэта і будзе той асноўны кандыдат, якому давядзецца супрацьстаяць усім кандыдатам ад улады».

«Супраціў – гэта не толькі гатоўнасць выйсці на плошчу, гэта і здольнасць аб’яднацца, паставіць умовы перад рэжымам і, калі ён не выконвае закону, разам адмовіцца яго падтрымліваць. Я думаю, што кампанія байкоту дазволіць нам зрабіць крок да гэтага арганізаванага народнага супраціву», – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго, кампанія байкоту не скончыцца датаю выбараў, а будзе толькі адным з этапаў правядзення палітычнай кампаніі 2012 г. з боку БХД. Мэтаю кампаніі партыя лічыць найперш павелічэнне падтрымання дэмакратычных сілаў, у прыватнасці «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі». «На сённяшні дзень мы ведаем, што існуе вялікая колькасць людзей, якія не падтрымліваюць улады, але яны пакуль што не падтрымліваюць і апазіцыі», – патлумачыў Рымашэўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў