Вайна за неба: «Умяшалася незразумелая сіла»


Часовае спыненне авіярэйсаў паміж Менскам і Масквою кіраўніцтва кампаніі “Белавія” тлумачыць “барацьбою за рынак”. Расейскія перавозчыкі хочуць павялічыць колькасць рэйсаў паміж Менскам і Масквою – нягледзячы на тое, што яны нерэнтабельныя. Як вынік, “Белавія” можа несці страты ці “здаць” пасажырскія авіяперавозкі расейскім кампаніям.

“Белавія” атрымала дазвол на палёты маршрутам Масква – Менск чатыры разы на дзень. Беларускае кіраўніцтва авіяцыяй таксама выдала расейскаму боку дазвол на чатыры рэйсы штодня. І дадаткова, каб не пацярпелі пасажыры, якія ўжо набылі білеты на іншыя рэйсы, выдалі дазвол на некалькі дзён пяць разоў. Кіраўніцтва авіялініяў дзвюх дзяржаваў дамовілася аб правядзенні перамоваў найбліжэйшым часам”, – заявіў намеснік дырэктара “Белавіі” Ігар Чаргінец.

Ён спадзяецца, што пагадненне аб авіярэйсах будзе дасягнутае з умоваю парытэту: чатыры рэйсы на дзень з боку кампаніі “Белавія” і гэтулькі ж – з боку Расеі. Чаргінец растлумачыў: сённяшняя сітуацыя ўзнікла праз жаданне расейскага боку парушыць парытэт і выконваць пяць рэйсаў на дзень. Тым часам, адзначыў ён, ёсць пагадненне паміж урадамі Беларусі ды Расеі ад 12 снежня 1997 г., якое прадугледжвае камерцыйны парытэт паміж Менскам і Масквою.

“Сёння ўранку ўмяшалася незразумела якая сіла, і расейскія авіяцыйныя ўлады, якія раней выдалі дазволы, адклікалі іх і фактычна прынялі рашэнне спыніць паветраныя зносіны паміж сталіцамі дзвюх дзяржаваў. Мой каментар: дзіўнае рашэнне, бо такія структуры, як авіяцыйныя ўлады, абавязаныя стаяць на абароне інтарэсаў пасажыраў. Можна колькі заўгодна доўга праводзіць перамовы, але пасажыры цярпець не павінны. Гэта барацьба за рынак”, – лічыць Чаргінец.

На пытанне, чаму “Белавія” не можа таксама арганізаваць пяць рэйсаў на дзень, як хоча зрабіць расейскі бок, Чаргінец растлумачыў, што гэты кірунак цяпер “камерцыйна неэфектыўны”. Сярэдняя загружанасць рэйсаў, паводле яго, складае 55 %, што вядзе да стратаў авіякампаніі. Наступнае павелічэнне колькасці рэйсаў яшчэ больш знізіць іх эфектыўнасць, дадаў намеснік генеральнага дырэктара.

Як паведаміў Чаргінец, паводле падлікаў кампаніі “Белавія”, ад сённяшняй сітуацыі пацярпелі 180 чалавек, якія планавалі вылецець з Менску ў Маскву, і 180 чалавек, якія меліся вярнуцца з Масквы ў Менск.

belsat.eu

Стужка навінаў