«Хуткія рукі» ў Токіа


Спаборніцтвы па хуткасным складанні пірамідаў з кубкаў прайшлі ў японская сталіцы.

Мясцовы чэмпіянат самых хуткіх рук прымае кожнага, хто здольны за мінімальны час скласці піраміду з 12 аднолькавых кубкаў. Акрамя адзіночных спаборніцтваў, тут ёсць і парныя разрады, калі кожны з удзельнікаў можа карыстацца толькі адною рукою.

Пераможцы атрымліваюць медалі, і гэта вельмі цешыць адну з фаварытак сёлетняга чэмпіянату 8-гадовую Шока Арай. «Калі ты атрымліваеш медаль, то гэта вельмі прыемна. Таму мне хацелася б атрымаць які-небудзь. Але я ўдзельнічаю ў гэтым таксама і для забавы», – кажа малая спартоўка.

Складаюць піраміды і сем’ямі. Гэтак, 53-гадовы Сюўдзі Хірасакі ды ягоны 10-гадовы сын удзельнічаюць у чэмпіянаце ўжо другі год, аднак упершыню – у сямейным разрадзе.

«Я вырашыў гэтым разам зарэгістраваць каманду з бацькі і дзіцяці. Калі я толькі паспрабаваў, гэта назаўсёды зачапіла мяне», – кажа мужчына.

Наймалодшы ўдзельнік мае 4 гады, тады як старэйшы – 83-гадовы Сэндзабуро Кунімацу, які ўдзельнічае выключна дзеля забавы. «Калі шчыра, я не маю намеру перамагчы. Я проста не хачу звычайна старэць і не хвалююся наконт рэкордаў», – прызнаўся ён.

Пераможцы такійскіх спаборніцтваў працягнуць удзел у сусветным чэмпіянаце ў Нямеччыне напрыканцы красавіка.

belsat.eu

Стужка навінаў