Сяргея Каваленку могуць прызнаць вязнем сумлення


Пры гэта паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Адпаведную інфармацыю пра акалічнасці зняволення Сяргея Каваленкі праваабаронцы перадалі ў міжнародныя арганізацыі. „Задача праваабарончых арганізацыяў у тым, каб гэтая справа была вядомая ў міжнародных структурах, у тым ліку трэба прыцягваць увагу міжнародных праваабарончых арганізацыяў”, – распавёў праваабаронца.

У беларускіх праваабаронцаў найбольшыя асцярогі выклікае стан здароўя зняволенага Сяргея Каваленкі. Вядома, што ён працягвае трымаць галадоўку пратэсту ды што ў турме яму прымусова ставілі кропельніцы, каб падтрымаць жыццё. Паводле Валянціна Стэфановіча, у зняволенні Каваленку не змогуць забяспечыць належную медычную дапамогу. „Ніхто не можа гарантаваць, што арганізм Каваленкі настолькі моцны, і ён вытрымае, што не здарыцца збою працы нейкіх органаў, і гэта не прывядзе да самых непажаданых наступстваў. Мы настойваем, што спадар Каваленка мусіць мець доступ да належнай медычнай дапамогі ва ўмовах цывільнага шпіталю”, – падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.

Тым часам адміністрацыя СІЗА, дзе ўтрымліваецца Каваленка, цвердзіць, што шпіталі адмаўляюцца браць апазіцыянера-галадоўніка. Начальнік Дэпартаменту выканання пакаранняў МУСу Сяргей Працэнка паведаміў жонцы Каваленкі, што на наступным тыдні палітвязня перавядуць з ізалятара на вуліцы Валадарскага ў псіхіятрычнае аддзяленне пры калоніі «Віцьба-3».

belsat.eu

Стужка навінаў