Шпіталі адмаўляюцца браць апазіцыянера-галадоўніка


Паводле жонкі галадоўніка-палітвязня Сяргея Каваленкі, пра гэта ёй распавёў начальнік турэмнага шпіталю ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску.

Алене Каваленка абяцалі, што створаць камісію лекараў, каб вывесці мужа з галадоўкі ды змясціць у цывільны шпіталь. Падчас сустрэчы ў СІЗА ёй паскардзіліся, што ўладкаваць апазіцыянера няпроста: усе адмаўляюцца браць.

Пасля гэтай размовы спадарыня Каваленка сустрэлася з начальнікам Дэпартаменту выканання пакаранняў МУСу Сяргеем Працэнкам, які паведаміў, што на наступным тыдні палітвязня перавядуць з ізалятара на вуліцы Валадарскага ў псіхіятрычнае аддзяленне пры калоніі «Віцьба-3».

“Аказваецца, увесь гэты тыдзень, калі я да іх хадзіла, мяне папросту вадзілі за нос. Яны рабілі выгляд, што нешта робяць, што збіраюцца лячыць Сяргея і нават адправіць яго ў цывільны шпіталь, але, як аказалася, усё вырашылі загадзя”, – гаворыць Алена Каваленка.

Стан апазіцыянера, які трымае галадоўку з 19 снежня, пагаршаецца з кожным днём. Таму сваякі спяшаюцца. Скаргі ў справе віцебскага галадоўніка па-ранейшаму ідуць у суды, Генеральную пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў. Блізкія актывіста хочуць дабіцца змены захады стрымання асуджанага, а таксама скасавання несправядлівага, на іхную думку, прысуду.

belsat.eu

Стужка навінаў