Тры гады «Белсату»


“Белсат” транслюе свае праграмы ўжо тры гады. Гэты незалежны тэлеканал, створаны для гледачоў у Беларусі, ёсць часткаю Польскага тэлебачання. Невыпадкова пачатак яго працы прыпаў на 10 снежня – Міжнародны дзень правоў чалавека.

2010 год пачаўся для каналу драматычна – на пачатку лютага міліцыя і КДБ зладзілі налёт на менскі офіс “Белсату”. Паводле абсурднага абвінавачання ў нападзе на міліцыянта арыштавалі працаўнік тэлестанцыі, журналіста Івана Шульгу. Цягам некалькіх гадзінаў пра ягоны лёс пачуў увесь свет. На абарону Івана Шульгі ды свабоды слова, якая рэгулярна парушаецца ўладамі Беларусі, салідарна выступілі еўрапейскія палітыкі і журналісты. Арышт асудзілі, у прыватнасці, старшыня Еўрапейскага Парламенту Ежы Бузэк і кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан, якая запатрабавала тлумачэнняў ад беларускага боку. Журналіста вызвалілі з турмы пасля 10 содняў арышту.

Таксама ў лютым у адмысловай рэзалюцыі Сейм Польшчы сцвердзіў, што ўлады РП мусяць падтрымаць беларускае грамадства і павялічыць фінансаванне незалежных сродкаў масавай інфармацыі, асабліва тэлебачання “Белсат”. Тагачасны маршалак Сейму Браніслаў Камароўскі ад імя ўсіх палітычных сілаў польскага парламенту заявіў, што будзе імкнуцца знайсці ў бюджэце адпаведныя сродкі.

Тэлеканал развіваецца, нягледзячы на скарачэнні бюджэту. З чэрвеня “Белсат” павялічыў эфірны час з 6 да 12 гадзінаў, і, акрамя таго, з лістапада па выходных працуе ўвесь дзень. З 1 студзеня 2011 г. “Белсат” можна будзе глядзець штодзённа з 7:00 да 23:00 без пасляабедзеннага перапынку.

Таксама павялічваецца аўдыторыя каналу. Паводле праведзенага ў красавіку незалежнага апытання, у менш як 10-мільённай Беларусі рэгулярна і час ад часу “Белсат” глядзяць каля 760 тысяч асобаў, старэйшых за 18 гадоў.

“Белсат” – вытворца дакументальных фільмаў, якія паказваюць іншыя каналы Польскага тэлебачання. Нашыя стужкі атрымліваюць намінацыі ды ўзнагароды на міжнародных кінафестывалях.

У верасні дэбютаваў партал  www.belsat.eu, на якім публікуюцца апошнія навіны ды відэаматэрыялы з Беларусі на беларускай і польскай мовах. Наведнікі сайту могуць он-лайн глядзець большасць праграмаў тэлеканалу “Белсат”.

З восені шмат месца ў праграме “Белсату” займаюць пытанні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Гэта адзінае беларускае тэлебачанне, у якім усе кандыдаты на прэзідэнцтва разглядаюцца аднолькава, у адпаведнасці з дэмакратычнымі нормамі. Толькі ў праграмах “Белсату” сумленна прэзентуюцца выбарчыя праграмы ўсіх кандыдатаў, прэтэндэнты могуць выказацца тут без цэнзуры.

Сур’ёзнаю праблемаю застаецца адсутнасць афіцыйнай рэгістрацыі прадстаўніцтва “Белсату” ў Беларусі. Без гэтага журналісты тэлеканалу не могуць атрымліваць неабходных акрэдытацыяў, каб працаваць на законных падставах. На жаль, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, Міністэрства замежных справаў Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі “Белсату”.

Канец года прынёс “Белсату” пачэсныя лаўры: яго кіраўніца Агнешка Рамашэўска-Гузы і ўся каманда былі ўганараваныя прэстыжнаю прэміяй ім. Ежы Гедройца.

“Белсат” фінансуецца польскім Міністэрствам замежных справаў, Польскім тэлебачаннем і замежнымі донарамі.

Дадатковая інфармацыя – праз belsat.press@gmail.com

Стужка навінаў