Валюта з Эквадору не выратуе беларускіх будаўнікоў


Беларускія будаўнікі возьмуць удзел у рэалізацыі будаўнічых праграмаў і праектаў у Эквадоры, пра што дамовіліся намеснік міністра Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры і Надзвычайны паўнамоцны пасол Эквадору.

Віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Канстанцін Каламінец выказаў меркаванне, што супраца з Эквадорам у будаўнічай сферы мае не толькі плюсы.

“Жаданне дзяржавы зарабляць валюту ад экспарту будаўнічых паслугаў мае права на існаванне. У свеце шмат краінаў пасылаюць сваіх працаўнікоў на замежныя будоўлі – тут як лідара можна вылучыць Турцыю. Аднак у самой Беларусі ўжо цяпер не хапае будаўнічых рук, а з развіццём экспарту сітуацыя ў будаўнічай сферы толькі пагоршыцца. Праз некалькі гадоў дзяржава і насельніцтва пачнуць кусаць локці, што адправілі кадры працаваць за мяжу”, – адзначыў эксперт.

Канстанцін Каламінец падкрэсліў, што ў Беларусі вялікі адсотак жыллёвага фонду патрабуе капітальнага рамонту, і нашмат лагічней было б накіроўваць айчынных будаўнікоў.

“Ні за два, ні нават за пяць гадоў Беларусь не здолее развязаць пытання з капітальным рамонтам жыллёвага фонду. А калі кошты на энергарэсурсы падымуцца, праводзіць мадэрнізацыю старых будынкаў стане нашмат складаней. Магчыма, ацяпленне жылых будынкаў не зусім знаёмае тым жа мулярам, але яны могуць прайсці перакваліфікацыю”, – сказаў Канстанцін Каламінец.

Былы міністр працы Аляксандр Сасноў лічыць, што калі б рашэнне пра экспарт будаўнічых паслугаў прымалася прадпрымальнікам, які пралічыў эканамічную карыснасць гэтага кроку, то можна было б чакаць станоўчага выніку. Аднак выправіць беларускіх будаўнікоў у Эквадор вырашыла дзяржава, таму, найхутчэй, размова тут ідзе пра адмыванне грошай.

“Сумнеўным выглядае эканамічны эфект ад паездкі беларускіх будаўнікоў у такі аддалены рэгіён. Складаецца ўражанне, што бюракратычным структурам неабходна “распілаваць” бюджэт”, – сказаў Аляксандр Сасноў.

Эксперты сышліся ў меркаванні, што пакуль у Беларусі для будаўнікоў застануцца абмежаванні ў кошце квадратнага метра і заробках, яны будуць з’язджаць у Расею.

“Змяншэнне тэмпаў і аб’ёмаў будаўніцтва ў сувязі з абмежаваннем ільготнага крэдытавання прыводзіць да скарачэння вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, адтоку адмыслоўцаў за мяжу, і чым далей, тым больш праблемаў чакае будаўнічую сферу”, – зрабіў выснову Канстанцін Каламінец.

belsat.eu

Стужка навінаў