Юрась Ліхтаровіч у «Гарачым каментары»


Пашырэнне санкцыяў Еўразвязу, пад знакам якіх праходзілі гэтыя два тыдні, адбылося. Рада міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ ухваліла сёння рашэнне далучыць да чорнага спісу 12 асобаў і 29 беларускіх кампаніяў.

З рашэннем пашырыць санкцыі пагадзіліся міністры замежных справаў усіх 27 краінаў Еўразвязу. Да чорнага спісу дадалі 12 асобаў. Гэта суддзі ды пракуроры, адказныя за парушэнне правоў чалавека і рэпрэсіі ў краіне, а таксама бізнесоўцы, якія фінансава падтрымліваюць урад Аляксандра Лукашэнкі. Ім забаронены ўезд у краіны ЕЗ, а іхныя актывы ў еўрапейскіх банках падлягаюць замарожванню. Чорны спіс неўязных у Еўразвяз Рада ЕЗ зацвердзіла летась у студзені у адказ на паслявыбарчыя рэпрэсіі. Цяпер у ім больш за дзвесце прозвішчаў прадстаўнікоў афіцыйнага Менску. На ўвядзенне эканамічных санкцыяў аб’яднаная Еўропа да апошняга не наважвалася.

Паводле палітолага Юрыя Ліхтаровіча, Еўразвяз вырашыўся на эканамічныя санкцыі праз брак іншага выйсця.

“Нават цяпер, калі эскалацыя канфлікту паміж Беларуссю і Еўразвязам дасягнула максімуму, то Захад дагэтуль спрабаваў дасылаць Менску сігналы. Было адкладзенае прыняцце жорсткай рэзалюцыі, каб даць уладам час выправіць сітуацыю. Потым была заява Кэтрын Эштан пра тое, што амбасадары могуць прыехаць у Беларусь. Але адказу не было”, – нагадвае спадар Ліхтаровіч.

Разам з гэтым сапраўдных эканамічных санкцыяў не ўведзена – гутарка вядзецца толькі пра дзвюх асобаў, набліжаных да Лукашэнкі. Больш за тое, санкцыі не закрануць усіх іхных фірмаў. Паводле палітолага, гэта чарговы сігнал рэжыму Лукашэнкі, які спрабуе не зачапіць грамадства.

“Ад снежня 2010 года ўлады Беларусі вырашылі для сябе, што добрыя дачыненні з Еўропаю для іх больш небяспечныя, чымся збліжэнне з Расеяй. Аднак нервовая рэакцыя Лукашэнкі сведчыць, што нават гэтыя санкцыі непрыемныя для яго”, – кажа Юрась Ліхтаровіч.

belsat.eu

Стужка навінаў