76-гадовы зваршчык стварае буслоў у менскім двары, а іх у яго крадуць


У адным з двароў па вуліцы Сядых у Менску на дрэвах сядзяць леапарды, па зямлі паўзуць змеі ды чарапахі. Мясцовы жыхар Анатоль Уладзіміравіч Ждан шмат гадоў стварае гэтую фантасмагорыю сам-насам, у сваім гаражыку. Мясцовыя да звярынца ставяцца па-рознаму, але прынамсі дзяцей у гэтым двары больш, чым каля іншых «хрушчовак» навокал.

Спачатку з’явіўся бусел на страсе, потым у бусла з’явілася гняздо, а ў ім – птушаня.

Далей тут прыжыўся певень-флюгер, які круціцца і паказвае накірунак ветру. А потым былы газаэлектразваршчык Анатоль Ждан ужо не мог спыніць сваіх мастацкіх памкненняў. На сметніку ён збіраў пенапласт, са сваёй пенсійнай кішэні купляў фарбы.

Вобразы герояў здымаў з кніжных ілюстрацый.

«Прыходжу ў кнігарню, прашу кнігу з малюнкамі жывёлаў, фатаграфую на тэлефон. А потым іду ў майстэрню, сядаю ды малюю, выразаю».

Майстэрня ў Анатоля Ждана звонку падобна на казачны домік, а ўнутры выглядае быццам каморка Папы Карла. І там хапае бурацінаў.

«Вось будуць лебедзі, раблю на тое месца, дзе ўвосень скралі дваіх».

Сярод мясцовых злодзеяў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца буслы. Анатоль Ждан лічыць, што іх забіраюць на лецішчы. Але ён не злуецца, вырабляе і ставіць новых.

«У штодзённым жыцці ў горадзе мы не так часта бачым жывёлаў. Асабліва дзеці. Можна пабачыць сабак ці катоў, або яшчэ карову ці казу на вёсцы. Але цяжка ўбачыць лісу, мядзведзя, зубра, барсука. Тым больш, няма ў нас экзатычных жывёлаў: тыгра, пінгвінаў, чарапах або жырафаў. А тут яны ўсе ёсць».

Дзяцей тут сапраўды шмат. Бацькі з немаўлятамі праходзяць павольна, распавядаюць дзецям, паказваюць. Больш дарослыя дзеці прыбягаюць самі, гуляюць у хованкі.

Няхай фарба з зуброў аблупілася за зіму, а абрысы ў жывёлаў недасканалыя, мясцовыя жыхары неабыякавыя да такога суседства.

«Творыць чалавек, як можа», ці то дзіцёнку, ці то сама сабе кажа маці з калыскай, што праходзіць міма.

«Да нас ідуць і ідуць з калыскамі. І так гуляюць, і на машынах прыязджаюць. Пазаўчора заехала сям’я на такой добрай дарагой машыне. Яны пахадзілі, паглядзелі, потым жанчына вярнулася ў машыну, узяла шакаладку, цукеркі і нас пачаставала», распавядаюць дзве бабулі-сяброўкі, суседкі Анатоля Ждана.

 

ЖЭС таксама падтрымлівае творцу. Паводле Анатоля Уладзіміравіча, раней нават фарбу нейкую давалі. Цяпер – не.

«Але прыходзілі мужыкі са ЖРЭО і кажуць: калі хто будзе папракаць ці якія прэтэнзіі, што заняў зямлю, звяртайцеся да нас, мы яго на месца паставім».

 

Анатоль Ждан жыве адзін. Жонка яго памерла, засталася дачка з трыма ўнучкамі. Усе жывуць у Менску. Фарбаваць і даглядаць яму дапамагае жанчына з суседняга дому. Візіцёры ж часта пытаюцца : ці можна чым дапамагчы?

«Ну чым-чым. Тут жа ўсё патрэбна, і фарбы, і кісці, і клей, і шпаклёўка. Пытаюцца заўсёды. Але каб хто дапамог сапраўды. Запытаюцца ды бывай!

«Абяцанкі-цацанкі, дурному забава», кажа Анатоль Ждан.

Побач са звярынцам – гародчык. Гэта таксама твор Анатоля Уладзіміравіча. У гародчыку – кветкі : ландышы, ружы, цюльпаны.

А пачалося ўсё гадоў дзесяць таму, з аднаго летняга падарожжа.

«Мы паехалі з жонкай летам адпачываць і заехалі ў кавярню па дарозе паабедаць. Там я і пабачыў бусла на страсе. І мне так захацелася паставіць на гэтую хатку буслоў таксама», кажа Анатоль Уладзіміравіч Ждан.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў