Хто ўкладаў "чорны спіс"?


Беларускі Хельсінкскі камітэт чакае на адказ з Генеральнай пракуратуры з ацэнкаю законнасці чорнага спісу беларускіх апазіцыянераў. «Мы спадзяемся атрымаць уцямны адказ, дзе дакладна было б указана на дзеянне пэўных законаў, Канстытуцыі і што ў Генпракуратуры ўсведамляць, што ўсе грамадзяне роўныя перад законам і могуць адказваць толькі па законе», – падкрэсліў юрыст БХК Гары Паганяйла.

«Мы ведаем практыку нашай дзяржавы, калі падобныя рашэнні прымаюцца з палітычных матываў, паводле аднамомантавай мэтазгоднасці, а не на грунце закону. Зразумела, што кімсьці складзены спіс, які не ўкладаецца ў прававыя нормы», – гаворыць эксперт. У сакавіку адмову на выезд за мяжу атрымалі апазіцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька, Віктар Карняенка, Валерый Ухналёў, Сяргей Калякін, Станіслаў Шушкевіч і Вінцук Вячорка, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алег Гулак, Гары Паганяйла і Андрэй Бандарэнка, журналісты Жанна Літвіна, Міхаіл Янчук і Андрэй Дынько.

У інтэрв’ю тэлеканалу «Russia Today» Аляксандр Лукашэнка прызнаў існаванне спісу невыязных беларускіх апазіцыянераў, заявіўшы, што ён будзе пашыраны. «Мы яго яшчэ не ўвялі, на поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем. Гэта яны Захаду падкідваюць прозвішчы, арганізацыі, прадпрыемствы і настойваюць на ўвядзенні эканамічных санкцыяў», – заявіў Лукашэнка.

Гары Паганяйла зазначыў, што ў дачыненні грамадзянаў сапраўды могуць уводзіцца абмежаванні на выезд за межы Беларусі. Аднак гэта магчыма ў дакладна акрэсленых выпадках. «Адвольна трактаваць, а тым больш фальсіфікаваць гэтыя падставы, скажаць рэчаіснасць, падаваць непраўдзівыя звесткі ў базу звестак – гэта крымінальнае злачынства. Калі мы высветлім, што гэта было адвольна кімсьці зроблена, то чыноўнікі, вінаватыя ў такіх парушэннях, мусяць адказваць у адпаведнасці з дзейным законам», – падкрэсліў юрыст.

belsat.eu

Стужка навінаў