ЕЗ пашырае санкцыі ды заклікае вызваліць палітвязняў (абноўлена)


У выніковым дакуменце, прынятым 23 сакавіка ў Бруселі на пасяджэнні Рады міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ, адзначаецца: спіс прадстаўнікоў Беларусі, супраць якіх дзеюць санкцыі, будзе пашыраны коштам “людзей, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні грамадзянскай супольнасці ды палітычнай апазіцыі”.

Рада ЕЗ таксама пастанавіла далучыць да спісу бізнесоўцаў ды кампаніі, якія “маюць выгаду ад рэжыму ці падтрымліваюць яго”, і пакідае за сабою права надалей пашырыць абмежавальныя захады на наступных пасяджэннях, калі палітвязняў не вызваляць. Пакуль гэты спіс не агучаны, аднак ужо вядома, што кампанія Юрыя Чыжа, якая супрацоўнічае са Славеніяй, і тры прадпрыемствы з бізнесовымі сувязямі ў Латвіі не трапяць у яго.

Еўразвяз зноў звяртаецца да афіцыйнага Менску з заклікам неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных.

У дакуменце асуджаецца адмова задаволіць касацыйную скаргу праваабаронцы Алеся Бяляцкага і асуджэнне на 2 гады і адзін месяц пазбаўлення волі актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленкі. Акрамя таго, гаворыцца аб “сур’ёзнай занепакоенасці ЕЗ” з нагоды інфармацыі аб катаваннях і жорсткім стаўленні да палітвязняў у турмах, у тым ліку Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Бандарэнкі, Змітра Дашкевіча і Мікалая Аўтуховіча.

Рада Еўразвязу асудзіла выкананне смяротных прысудаў Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву, зноў заклікала ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і адзначыла, што Еўразвяз выступае супраць гэтага віду пакарання пры любых абставінах.

Еўразвяз заклікаў улады Беларусі спыніць усялякі пераслед прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў і не абмяжоўваць іхную свабоду перамяшчэння. “ЕЗ асуджае задушэнне мірных пратэстаў і сістэматычнае выкарыстанне судовай сістэмы дзеля рэпрэсіяў, у тым ліку ў дачыненні мірных пратэстоўцаў, – гаворыцца ў дакуменце. – ЕЗ таксама моцна занепакоены зменамі ў заканадаўстве, якія яшчэ больш абмяжоўваюць правы беларускіх грамадзянаў на свабоду сходаў, аб’яднанняў і доступу да інфармацыі ў інтэрнэце”.

Рада ЕЗ заклікае Беларусь паважаць міжнародна прызнаныя дыпламатычныя прывілеі ды імунітэт еўрапейскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў ды іхных працаўнікоў у Менску і не дапускаць іхнага пераследу.

Акрамя таго, ЕЗ мае намер паінфармаваць міжнародную і нацыянальныя хакейныя федэрацыі аб “адсутнасці ў Беларусі павагі да правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў”.

Еўразвяз заклікае ўлады нашай краіны распачаць дыялог з грамадзянскаю супольнасцю і апазіцыяй, каб “пракласці шлях” для правядзення парламенцкіх выбараў у 2012 г. у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі ды стандартамі, заклікае супрацоўнічаць з АБСЕ і прытрымлівацца ўзятых на сябе абавязкаў як краіна – удзельнік гэтай арганізацыі.

ЕЗ зноў заяўляе пра гатоўнасць распачаць перамовы пра пагадненні ў спрашчэнні візавага рэжыму і пра рэадмісію, якія “ўмацавалі б кантакты паміж людзьмі, што пайшло б на карысць жыхарам Беларусі”, і шкадуе “аб неканструктыўнай пазіцыі ўладаў Беларусі, якія не адказалі да гэтага часу на ліст, накіраваны ў чэрвені 2011 г., які заклікае распачаць перамовы”.

belsat.eu

Стужка навінаў