Тбіліскі тэатр оперы і балету пакажа ў Менску ўнікальныя спектаклі


23 і 24 сакавіка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету Беларусі пакажуць сем унікальных балетных пастановак Тбіліскага акадэмічнага тэатру оперы і балету.

У харэаграфіі Джорджа Баланчына і Іржы Кіліяна, Аляксея Ратманскага, Міхаіла Фокіна, Трэя МакІнтайра іх выканаюць грузінскія артысты і зорка сусветнага балету, народная артыстка Грузіі ды Расеі Ніно Ананіяшвілі, якая ўзначальвае сёння балетную трупу Тбіліскага тэатру.

«Мы ўпершыню будзем выступаць у Менску разам з беларускімі навучэнцамі, якія занятыя ў нашым спектаклі «Мацартыяна», — паведаміла прыма 22 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску. — Маім партнёрам будзе народны артыст Беларусі Ігар Артамонаў, які ўжо танцаваў гэтую партыю ў Тбілісі. Гэта была вельмі цікавая супраца, якую мы паспрабуем працягнуць, шырэй выкарыстоўваць магчымасці абменных спектакляў».

«Чаму мы прывезлі да вас менавіта такі рэпертуар? Бо ўся класіка ў вас ідзе, вы яе добра ведаеце, — растлумачыла Ніно Ананіяашвілі, — а вось штосьці іншае для вашай балетнай публікі будзе цікава. Таму мы вырашылі прывезці нашыя аднаактовыя балеты. Важна і тое, што мы паспрабавалі зрабіць праграму з аркестрам, каб гэта была жывая музыка. Заўсёды складана асвоіць іншы рэпертуар, знайсці час вывучыць партытуры, сыграць гэта. Рада, што ў нас гэта атрымалася. Шмат якія балеты будуць паказаныя ў суправаджэнні жывога аркестру з нашым дырыжорам Давідам Мукерыяй».

Паводле мастацкага кіраўніка балету беларускага тэатру Юрыя Траяна, ён ужо абмеркаваў з Ніно Ананіяшвілі магчымыя гастролі менскіх артыстаў падчас адкрыцця новага будынку Тбіліскага тэатру оперы і балету. Яно запланаванае на 2013 г.

belsat.eu

Стужка навінаў