З менчукоў выцягнуць грошы на ўпарадкаванне сталіцы


Гарадскія ўлады збіраюцца прыцягнуць да добраўпарадкавання паркаў, вуліцаў і дамоў 150 000 менчукоў. Ужо гатовая праграма суботнікаў да канца красавіка, якую ініцыяваў старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька.

Са словаў дырэктара “Менскай дзяржаўнай жыллёвай гаспадаркі” Галіны Гілевіч, пасадку дрэваў гэтаю вясною плануецца правесці выключна за кошт сродкаў насельніцтва. Кветкі для гарадскіх клумбаў таксама маюць набыць гараджане.

Жыхароў прыцягнуць да нанясення разметкі на паркоўках у дварах. У кожным раёне запланавана зладзіць 150–170 новых месцаў для аўтамабіляў на сродкі, атрыманыя ад жыхароў.

“Мы правялі сходы гараджанаў і атрымалі іхную згоду на стварэнне месцаў паркоўкі з іхным удзелам. У кожным раёне сталіцы з’явіцца каля тысячы месцаў паркоўкі, якія будуць размяшчацца на дваровых тэрыторыях, блізу прадпрыемстваў і арандаваных будынкаў”, – адзначыла Галіна Гілевіч.

Упершыню менчукі возьмуць удзел ва ўпарадкаванні пляцовак для выгулу сабакаў – шмат якія з гэтых аб’ектаў занядбаныя.

Арганізаваныя суботнікі сёлета сталі ладзіць раней, чым звычайна: першыя з іх адбыліся ўжо ў мінулыя выходныя.

belsat.eu

Стужка навінаў