Алена Каваленка: Сяргею не хапае салідарнасці


Ці хутка вырашыцца пытанне пра шпіталізацыю палітвязня Сяргея Каваленкі, у следчым ізалятары не кажуць. Чакалася, што сёння да яго выклічуць доктара-рэаніматолага, каб адмысловец ацаніў стан здароўя галадоўніка, але сустрэча з медыкам не адбылася.

“Я хадзіла ў СІЗА, каб даведацца рашэнне медыкаў адносна мужа. Начальнік медычнай часткі не сказаў мне нічога дакладнага. Медычны кансіліум быццам збіраюцца сабраць, толькі ніякіх тэрмінаў ён не назваў. Склалася ўражанне, што службовец або баіцца, або чакае загаду зверху. Наколькі я зразумела, доктар не аглядаў мужа”, – распавяла Алена Каваленка.

З кожным днём стан Сяргея Каваленкі, які трымае галадоўку з 19 снежня, пагаршаецца. Ягоная жонка кажа, што Сяргей скардзіцца на болі ў пячонцы і страўніку. Вага Каваленкі тры дні таму складала 50 кг, а тэмпература цела ўтрымліваецца на ўзроўні 35,1–35,2 градусаў, колер скуры – жоўты. Палітвязень з цяжкасцю перамяшчаецца, на ўчорашнюю сустрэчу ён ішоў даўжэй, чым звычайна.

“Сяргей казаў, што яго ўвесь час правакуюць. Чалавек, які сядзіць з ім у камеры, відавочна, не просты зняволены, на судзе яму параілі казаць, што ён еў з маім мужам. За дзвярыма камеры застаюцца назіральнікі, якія наўмысна гучна размаўляюць, так што Сяргей нават не можа адпачыць”, – дадала жонка.

Паводле Алены Каваленкі, яна адчувае падтрыманне шматлікіх людзей, асабліва з Партыі БНФ. Ёй амаль штодня тэлефануюць, пішуць на “Фэйсбуку”, запытваюць пра неабходную дапамогу.

“Не ведаю, як бы мы з дачушкаю выжылі, каб нас не падтрымлівалі. Адзінае – не хапае акцыяў салідарнасці з Сяргеем. Сцяг у зале падчас суда яго падбадзёрыў, але б яму хацелася, каб людзі не баяліся выказвацца дзеля ягонага падтрымання, ладзілі міні-пікеты і раздавалі ўлёткі. Чым больш беларусаў будуць ведаць пра несправядлівы вырак за ідэю і патрабаваць ягонага вызвалення, тым хутчэй ён выйдзе на волю”, – адзначыла жонка.

Алена Каваленка працягвае падаваць скаргі ў Дэпартамент выканання пакаранняў і пракуратуру. Сёння яна падала дзве скаргі ад імя маці.

“Я не спадзяюся на справядлівасць, але хочацца паказаць усім, хто мае дачыненне да справы Сяргея, што за кожны свой учынак ім прыйдзецца адказваць згодна з законам”, – сказала Алена Каваленка.

belsat.eu

Стужка навінаў