Генсек Рады Еўропы: Санкцыі не дапамогуць, трэба падключыць Расею


Турб’ёрн Яглян прапаноўвае далучыць Расею да дзеянняў еўрапейскай супольнасці ў дачыненні ўладаў Беларусі.

З гэтаю ініцыятываю ён выступіў 22 сакавіка ў Осла, дзе праходзіць міжнародная канферэнцыя наконт сітуацыі ў Беларусі. Жывую відэатрансляцыю канферэнцыі вядзе сайт Нарвежскага Хельсінкскага камітэту.

На меркаванне Ягляна, Еўропа “ніколі не зможа прымусіць Лукашэнку рэфармавацца і пакінуць уладу самастойна”. “Мы маем дачыненне з класічным дыктатарам. Усе дыктатары маюць адзіны прыярытэт – выжыванне. Кожную раніцу яны думаюць толькі пра тое, як застацца ва ўладзе. Мы ніколі не зможам прымусіць Лукашэнку рэфармавацца і адмовіцца ад улады самастойна. Еўропа і міжнародная супольнасць спрабавалі ўжываць розныя стратэгіі ў дачыненні Менску, але нічога не дапамагала з-за гэтага прынцыпу выжывальнасці”, – заявіў генеральны сакратар Рады Еўропы.

Ён лічыць, што неабходна добра “разумець гістарычнае мінулае, якое было ў Беларусі, і імкнуцца да агульнай міжнароднай стратэгіі, улучаючы ўдзел Расеі ў супольных намаганнях”.

“Лукашэнка карыстаецца з дачыненняў паміж Захадам і Усходам. Адзін год ён гуляе ў камандзе Еўропы, на наступны год пераходзіць у каманду Расеі, спрабуючы атрымаць для сябе максімальную выгаду. І Еўропа не дамаглася нічога, і ў міжнароднай супольнасці не было адзінай пазіцыі”, – канстатаваў Яглян.

Генеральны сакратар Рады Еўропы не верыць у выніковасць адных толькі эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, якія 23 сакавіка плануе ўвесці Еўразвяз.

“Гэта будзе мець адмоўныя наступствы для насельніцтва і адштурхне беларусаў ад Еўропы. Беларусь вельмі шчыльна звязаная з Расеяй, і мы не зможам прымусіць Расею ўжыць санкцыі адносна Менску”, – лічыць Яглян, які мяркуе, што “кіраўніцтву Расеі таксама дакучае Лукашэнка”.

23 сакавіка Турб’ёрн Яглян наведае Маскву для ўдзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі Расейскага савету ў міжнародных справах “Еўраатлантычная супольнасць бяспекі: міф ці рэальнасць”. У межах канферэнцыі плануецца двухбаковая сустрэча Ягляна з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым, падчас якой, паводле звестак інфармаваных крыніцаў, абмяркуецца ў тым ліку сітуацыя ў Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў