Чаму ўлады дазволілі шэсце на Дзень волі?


Лідар «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі называе дзве мажлівыя прычыны.
«Улады дазволілі мерапрыемства 25 сакавіка з адной простай прычыны: яны ведаюць, што гэтае свята ўсё адно будзе адзначацца. У любым выпадку ў вулічным фармаце акцыя адбудзецца – будзе дазвол ці не. Яны вымушаныя ісці на дазвол, магчыма, не жадаючы лішніх кпінаў з боку Еўрапейскага Звязу».
Паводле Рымашэўскага, дазвол можна назваць саступкаю, якой беларусы дамагаліся цягам амаль 20 апошніх гадоў, выходзячы на вулічныя акцыі пратэсту. Летась Менгарвыканкам дазволіў мітынг у парку Дружбы народаў, але забараніў шэсце.
Правакацыі з боку праваахоўных органаў і людзей у цывільным мажлівыя. «Але я думаю, што на сённяшні дзень гэта не выгадна ім, бо занадта шмат ужо было бязглуздых учынкаў зроблена, якія брутальна парушаюць правы чалавека», – кажа палітык. Віталь Рымашэўскі спадзяецца, што затрыманняў не будзе, і ад імя арганізатараў абяцае зрабіць усё дзеля таго, каб акцыя была мірная.
belsat.eu
Стужка навінаў