Лукашэнка абяцае пашырыць спіс не выязных з Беларусі апазіцыянераў


У інтэрв’ю тэлеканалу «Russia Today» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што спіс не выязных з Беларусі прадстаўнікоў апазіцыі будзе пашыраны. «Сёння ў Еўрапейскім Звязе прыняты спіс так званых неўязных, дзе і ваш пакорны слуга, і так далей, і да таго падобнае. Гэты спіс прыняты з падачы нашай «пятай калоны», – адзначыў Лукашэнка.

У адказ беларускі бок сфармаваў спіс беларускіх грамадзянаў, якім забаронены выезд з краіны. «Мы яго яшчэ не ўвялі, на поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем. Гэта яны Захаду падкідваюць прозвішчы, арганізацыі, прадпрыемствы і настойваюць на ўвядзенні эканамічных санкцыяў», – сказаў беларускі кіраўнік.

На ягоную думку, «пятую калону» ўзначальвае былы старшыня Вярхоўнага Савету, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, якога днямі таксама не выпусцілі з краіны.

«Шушкевіч цяпер у вас робіцца, у Расейскай Федэрацыі, героем, ледзь не кожны дзень на ўсіх каналах. Толькі вы не забывайце, што пры Шушкевічы ўсіх рускіх людзей пасадзілі на чамаданы. Яны ўжо ўсіх падзялілі: вось беларус, рускі, паляк. І калі б не «кепскі Лукашэнка», то рускім бы рабіць ужо ў Беларусі не было чаго. Вы гэтага не забывайце», – парэкамендаваў кіраўнік дзяржавы.

Ацэньваючы палітыку Станіслава Шушкевіча, Лукашэнка заявіў: «Аднаго дастаткова акту, калі ён і Краўчук настойвалі перад Ельцыным на развале Савецкага Саюзу. Вось гэтага дастаткова, гэта яго характарызуе».

«Не я яму суддзя. Я ведаю занадта шмат пра Шушкевіча, і дастаткова было аднаго факту, каб ён «закрыўся» на ўсё астатняе жыццё. Але я гэтага не рабіў і рабіць не буду», – запэўніў Лукашэнка.

Інтэрв’ю адбылося 20 сакавіка падчас візіту беларускага кіраўніка ў Маскву. Тэлеканал «Беларусь-1» пакажа яго 22 сакавіка пасля вечаровай праграмы навінаў «Панарама».

belsat.eu

Стужка навінаў