Пракуратура папярэдзіла журналіста за інтэрв’ю


Незалежны журналіст Зміцер Краўчук атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад менскай пракуратуры. Праваахоўнікі не паленаваліся правесці цэлае расследаванне, каб даказаць, што журналіст рыхтаваў матэрыял для «Белсату».

У пракуратуру тэлеаператара выклікалі па тэлефоне. Старэйшы пракурор аддзелу Міхаіл Хортаў уручыў яму пісьмовае папярэджанне аб недапушчальнасці супрацы з замежнымі медыямі без акрэдытацыі. «Паводле інфармацыі, што маецца, і паводле дакументаў, 24.01.2012 Вы, знаходзячыся ля будынку Менскага гарадскога суда, ажыццяўлялі відэазапіс ды інтэрв’юаванне грамадзянаў, што прысутнічалі на судовым паседжанні па разглядзе касацыйнай скаргі Бяляцкага А. – гаворыцца ў дакуменце. – Факт Вашай супрацы з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі, у тым ліку з польскім тэлеканалам «Белсат», пацвярджаецца таксама выпускам тэлесюжэту ў эфіры вячэрняй інфармацыйнай праграмы «Аб’ектыў» тэлеканалу «Белсат».

Афіцыйнае папярэджанне вынес намеснік пракурора Менску К. Кежун.

«Міхаіл Хортаў, старэйшы пракурор аддзелу, які мне ўручыў папярэджанне, быў надзвычай ветлівы. Амаль не размаўлялі, папярэджанні былі загадзя падрыхтаваныя і, думаю, не толькі мне», – гаворыць Зміцер Краўчук. Ён не выключае, што для рыхтавання папярэджання былі выкарыстаныя адмысловыя доказы – нярэдка міліцыянты ў цывільным здымаюць на камеру не толькі акцыі пратэсту, але і працу незалежных журналістаў.

Акрамя Змітра Краўчука ў пракуратуру выклікалі іншую журналістку – Вольгу Чайчыц, аднак тая адмовілася ісці і запатрабавала афіцыйную позву.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары