Аляксей Янукевіч: Галоўнае – не месца збору, а колькасць удзельнікаў


Месца правядзення мітынгу ў гонар угодкаў абвяшчэння БНР не мусіць быць нагодаю для канфліктаў, мяркуе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. «Тыя, хто хоча прыйсці на Акадэмію навук, – хай прыйдуць. Тыя, каму не падабаецца Бангалор або падабаецца, – усе могуць разам сабрацца ля Акадэміі навук. Адзін час, адзінае месца збору, таму не трэба казаць, маўляў, усё скончыцца на Бангалоры, таму я не прыйду», – заявіў палітык.

Аляксей Янукевіч падкрэсліў, што галоўнае – не дзе людзі збіраюцца, а колькі іх будзе. «Калі гэта пяць чалавек, то няма сэнсу збірацца ў іншым месцы – трэба быць у цэнтры, інакш іх ніхто не заўважыць. Калі гэта 50 тысячаў і больш, то, як сведчыць беларуская гісторыя, яны могуць сабрацца ў полі за колавай дарогаю ў Курапатах – і гэта будзе заўважанае», – дадаў палітык.

Аднак прагназаваць магчымую колькасць удзельнікаў акцыі 25 сакавіка лідар Партыі БНФ не бярэцца. «Трэба прызнаць, што на сёння атмасфера ў грамадстве падаецца ціхаю. Падаецца, што няма моцнага пратэставага патэнцыялу, і, можа быць, сапраўды яшчэ не прыйшоў час. Але мы таксама памятаем 1996 год, калі на акцыю ў Дзень волі ніхто не чакаў вялікай колькасці людзей, аднак нечакана для самых арганізатараў прыйшлі дзясяткі тысячаў людзей, пачалася «Менская вясна» 1996 года», – дадаў Янукевіч.

Менгарвыканкам санкцыянаваў правядзенне акцыі 25 сакавіка. Збор яе ўдзельнікаў пачнецца а 13:00 на пляцоўцы перад будынкам прэзідыуму Акадэміі навук, затым пройдзе шэсце па вул. Сурганава і мітынг на плошчы Бангалор.

belsat.eu

Стужка навінаў