У берасцейскім аўтобусным парку сітуацыя толькі горшае


Раней “Белсат” ужо распавядаў пра невыносныя ўмовы працы мясцовых кіроўцаў. Падлога ў памяшканнях аўтапарку правальвалася, дах працякаў, а прыбіральня не працавала. Не лепей выглядала сітуацыя і з тэхнічным станам машынаў. Працаўнікі нават жадалі выйсці з прафсаюзу, але баяліся пераследу. Як вынік – праца шафёра стала адною з самых незапатрабаваных, на яе найбольш вакансіяў у цэнтрах занятасці.

З таго часу адбыліся змены толькі да горшага. Праўда, нельга сказаць, што кіраўніцтва ўстановы не адрэагавала на ўвагу медыяў: Віктара Чаргейку, кіроўцу з 30-гадовым стажам, звольнілі з працы пасля інтэрв’ю нашаму тэлеканалу.

Аднак калі раней працаўнікі прасілі не паказваць іхных твараў, сёння яны не баяцца распавядаць пра сітуацыю ў аўтапарку.

Паводле кіроўцаў, шмат якія берасцейскія аўтобусы – небяспечныя. Аліва выцякае проста ў салон, добрая палова прыборнай панэлі не працуе, калонак для сувязі з пасажырамі няма, таксама як і агнягаснікаў, аптэчак і нават малаткоў, каб разбіць шкло ў выпадку аварыі.

“Калі пажар здарыцца, то я нават не змагу папярэдзіць пасажыраў, каб выскачылі!” – кажуць яны.

Пры чым у выпадку аварыі альбо парушэнняў правілаў камплектацыі машыны адказнасць нясуць толькі кіроўцы, бо ўсе аўтобусы нейкім цудам здолелі прайсці тэхнічны агляд.

Нягледзячы на відавочны жахлівы стан транспарту, кіраўніцтва аўтапарку спрачаецца з фактамі: “Са слядамі алівы ці пажару ніводны аўтобус не выйдзе, бо транспартная інспекцыя нас адразу арыштуе, вобразна кажучы. Ён непрыдатны для перавозаў. Ёсць жа патрабаванні, правілы”, – кажа намеснік дырэктара ўстановы Алег Касцюкевіч.

Паводле звольненага кіроўцы Віктара Чаргейкі, кіраўніцтва аўтапарку не звяртае ўвагі на скаргі кіроўцаў і цісне на тых, хто асмельваецца адстойваць свае правы. “Яны ўпэўненыя ў сабе! Мне асабіста галоўны інжынер сказаў: ідзі да генеральнага, ідзі ў гарвыканкам, ідзі ў пракуратуру… ідзі куды хочаш! У іх там нейкі сур’ёзны “дах” ёсць, і гэта не тут, не ў Берасці”, – кажа ён.

Праваабаронцы добра ведаюць, што трэба рабіць у падобных сітуацыях. Замест таго, каб сыходзіць з працы (у аўтапарку не стае ажно 30 кіроўцаў), варта звяртацца ў незалежныя прафсаюзы. “Выйсце адно – аб’ядноўвацца. 10–15 чалавек, яны маюць права выйсці з дзяржаўнага прафсаюзу і стаць пад крыло прафсаюзаў незалежных. Там яны атрымаюць юрыдычную і маральную дапамогу, – кажа праваабаронца Уладзімір Малей. – Трэба ісці не ў афіцыйную федэрацыю прафсаюзаў, а ў дэмакратычныя прафсаюзы па дапамогу. Там ёсць кваліфікаваныя юрысты, якія параяць, як паступова дзеяць і адстойваць свае правы”.

belsat.eu

Стужка навінаў