Сістэма бяспекі беларускай АЭС будзе лепшая, чымся на “Фукусіме”


Пра гэта заявіў выканальнік абавязкаў прэзідэнта “Атомстройэкспорта” (РФ) Валерый Лімарэнка 21 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яго, праект беларускай АЭС прадугледжвае актыўныя і пасіўныя сістэмы бяспекі. І калі актыўныя сістэмы бяспекі залежаць ад людзей ды працы тэхнікі, то пасіўныя спрацуюць у любой сітуацыі. “Калі станцыя, напрыклад, будзе абясточаная ці будзе мець іншыя вонкавыя ўздзеянні, сістэма бяспекі будзе працаваць. Сярод найбольш важных сістэмаў бяспекі можна адзначыць “пастку расплаву”. Калі ўзнікне нейкая нестандартная сітуацыя, паліва будзе сфармаванае ў “пастцы расплаву” – і далей з палівам можна будзе працаваць у звычайным рэжыме. Тое, што адбылося на “Фукусіме”, мы ацэньваем як недасканаласць праекту”, – паведаміў Лімарэнка.

Ён растлумачыў, што адказнасць за бяспеку станцыі нясе генеральны праектоўнік, генеральны падраднік, дырэктар эксплуатацыйнай арганізацыі ды спецыялізаваныя наглядныя органы, якія будуць кантраляваць хаду будаўніцтва. “Усе гэтыя людзі прысутнічаюць тут, яны не хаваюцца, бо ўпэўненыя: праца будзе зробленая на бяспечным узроўні”, – лічыць Лімарэнка.

Ён прапанаваў расказваць пра будаўніцтва электрастанцыі ды людзей, якія ёю займаюцца, не толькі ў спецыялізаваных выданнях, але і “ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, якія чытаюць хатнія гаспадыні”.

belsat.eu

Стужка навінаў