Заіка: “Будаваць жыллё ў крэдыт не мае сэнсу”


З пачатку года неільготнымі крэдытамі на жытло ад “Беларусбанку” скарысталіся толькі 80 чалавек, пра што распавядае сайт банку.

Цікавасць да неільготных крэдытаў відавочна знізілася. Для параўнання, летась неільготныя крэдыты былі выдадзеныя 2 тысячам чалавек на агульную суму больш за 80 млрд. Сёлета ж крэдытаў выдалі толькі на 6 млрд.

Атрымаць крэдыт на ўмовах банку могуць як чаргавікі, якім заем выдаецца на 20 гадоў пад 31 % (у сельскай мясцовасці стаўка на адзін адсотак ніжэйшая), гэтак і грамадзяне, якія не маюць патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Яны могуць скарыстацца крэдытам на 15 гадоў пад 49 %, але ягоная сума не павінна перавышаць кошт жылля на 75 %.

Эксперт Леанід Заіка выказаў думку, што будаваць жыллё ў Беларусі пры існых умовах бессэнсоўна.

“Пры ранейшай трохкратнай інфляцыі камерцыйныя крэдыты ў беларускіх рублях былі выдатнаю ўгодаю з банкам. Яны дазвалялі выцягнуць з яго грошы і нагадвалі субсідыю, якая дае заемніку 70 % выйгранкі. Сёння ж адсоткавая стаўка набліжаецца да забароннай, таму беларусам лепш устрымацца ад крэдытаў і не ўлазіць у пазыкі. Крэдыты на жыллё за мяжою выглядаюць больш прывабна, у любой развітай краіне можна пазычыць грошы ў банку на будоўлю жытла пад 3–4 %. Будавацца ў Беларусі з існым узроўнем заработнай платы не мае сэнсу. Навошта будаваць кватэру ў Менску за 60 тысяч даляраў, калі можна набыць жытло ў Балгарыі за 30 тысяч. Беларускай моладзі трэба добра падумаць, ці варта заставацца тут, каб працаваць за капейкі, калі ў той жа Расеі заробак на 70 % вышэйшы”, – пракаментаваў эксперт Леанід Заіка.

Думку эксперта пацвярджаюць разлікі банку паводле крэдытаў на сайце. Ільготнік з сярэднім заробкам 2,9 млн зможа ўзяць крэдыт на 47,6 млн рублёў. Гэтых грошай з дзяржпадтрыманнем пры будаўніцтве ў 4,5 млн рублёў хопіць толькі на 10,5 м, а штомесячны плацеж складзе 1,4 млн. Калі ж грамадзянін не стаіць у чарзе на паляпшэнне ўмоваў, то яму вылучаць толькі 30,7 млн рублёў, з дапамогай якіх можна пабудаваць 3–4 квадратныя метры ў камерцыйнага забудоўніка.

belsat.eu

Стужка навінаў