Рак шчытападобнай залозы “не ўлічылі”


У Беларусі з’явіўся электронны атлас анкалагічных хваробаў. Ён змяшчае інфармацыю пра статыстыку захворвання на злаякасныя пухліны ў розных рэгіёнах краіны, пачынаючы з 2001 года. Уся інфармацыя падаецца ў выглядзе картаграмаў часціні і дынамікі развіцця анкалагічных хваробаў сярод розных групаў насельніцтва.

“Выкарыстанне гэтай інфармацыі дазволіць эфектыўна планаваць крокі дзеля барацьбы з ракам. Атлас дапаможа беларускім медыкам і навукоўцам спрагназаваць колькасці новых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў да 2030 года”, – патлумачыў адзін з распрацоўнікаў, працаўнік РПНЦ анкалогіі і медычнай радыялогіі ім. Н. Аляксандрава Юрый Аверкін.

“Узровень захворванняў па краіне адрозніваецца, але мы не акцэнтавалі ўвагі на паселішчах: захворванне на рак сустракаецца як ў “чарнобыльскіх раёнах”, гэтак і на “чыстых” ад радыяцыі тэрыторыях. Адзіным прызнаным наступствам Чарнобылю для здароўя лічыцца рак шчытападобнай залозы, але аналіз гэтай хваробы не ўлічваўся пры складанні атласу”, – прызнае адмысловец.

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя з 1991 да 2005 год выявілі больш за 5 тысяч выпадкаў рака шчытападобнай залозы сярод дзяцей, якім на момант чарнобыльскай аварыі было менш за 15 гадоў. Большасць выпадкаў абумоўленая апраменьваннем радыеактыўным ёдам, які трапляў у арганізм дзяцей з мясцовымі прадуктамі харчавання.

Захворванні шчытападобнай залозы паводле распаўсюду займаюць другое месца сярод эндакрынных парушэнняў – пасля цукровага дыябету. Сусветныя даследаванні паказваюць, што ў той ці іншай ступені праблемы з залозаю адчувае кожны трэці жыхар планеты.

У атласе падаюцца таксама асноўныя прычыны, якія прыводзяць да анкалагічных хваробаў. Сярод іх стрэс, паленне, маларухомы лад жыцця, атлусценне, негатыўны ўплыў фактараў навакольнага асяроддзя.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары