Павал Усаў у "Гарачым каментары"


Два дні да рашэння Аб’яднанай Еўропы. Ужо ў пятніцу Рада міністраў Еўразвязу вырашыць, якія крокі будуць наступныя ў беларуска-еўрапейскіх адносінах. З Бруселю да апошняга гучаць заклікі адумацца і змяніць паводзіны, з боку афіцыйнага Менску – чарговыя пагрозы.

Кэтрын Эштан звярнулася да ўладаў Менску з патрабаваннем вызваліць палітычных вязняў. З заявы кіраўніцы замежнай палітыкі Еўразвязу вынікае, што гэты крок можа аднавіць дыялог паміж Беларуссю і ЕЗ. Аднак ўрад РБ пакуль абірае палітыку “санкцыяў у адказ на санкцыі”. У інтэрв’ю тэлеканалу “Russia Today” падчас свайго візіту ў Маскву Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што спіс невыязных з Беларусі апазіцыянераў сапраўды існуе і што ён запрацуе напоўніцу. Чые санкцыі будуць мацнейшыя і ці магчымыя яшчэ саступкі?

Паводле палітолага, апошнія правакацыйныя дзеянні кіраўніка РБ маюць на мэце паказаць ягоную цвёрдую пазіцыю і тое, што першы на саступкі ён не пойдзе.

“Ён намагаецца прымусіць Захад першым зрабіць крок насустрач і тады зрабіць пэўныя крокі ў бок лібералізацыі. Таму зараз усё залежыць ад прынцыповасці пазіцыі Еўразвязу. На сённяшні дзень цяжка казаць, ці ўвядуць эканамічныя санкцыі, але выглядае на тое, што спіс неўязных будзе пашыраны”, – кажа спадар Усаў.

Паводле адмыслоўца, без розніцы, наколькі шырокія візавыя санкцыі ўвядзе Еўразвяз, Лукашэнка ўсцяж будзе ўзмацняць ціск на сваіх апанентаў. Толькі кропкавыя эканамічныя абмежаванні могуць ударыць па кіраўніку РБ.

“Для Еўразвязу прынцыповым застаецца вызваленне палітвязняў дзеля таго, каб пайсці на дыялог. Аднак Лукашэнка не жадае рабіць першага кроку. Бо калі дыктатар першы ідзе на саступкі, то гэта пакажа ягоную слабасць, што ў сваю чаргу дасць сігнал вонкавым гульцам, што санкцыі працуюць”, – зазначае палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў