Радослаў Сікорскі: без вызвалення палітвязняў санкцыі будуць пашыраныя


Такую заяву зрабіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі ў Берліне 21 сакавіка.

“Мы спадзяемся, што палітычныя зняволеныя будуць вызваленыя. Калі не, ЕЗ будзе вымушаны ўвесці чарговыя санкцыі”, – цытуе кіраўніка МЗС Польскае прэсавае агенцтва.

Сікорскі ўдзельнічаў у Берліне ў трохбаковай сустрэчы з кіраўнікамі нямецкага і расійскага вонкавапалітычных ведамстваў Гіда Вэстэрвэле і Сяргеем Лаўровым.

Прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных заявіў 21 сакавіка, што ключ да ўрэгулявання рознагалоссяў паміж Беларуссю і ЕЗ – адмова ад сілавога сцэнара. Ва ўзаемапрымальным урэгуляванні зацікаўленыя абодва бакі, сказаў ён беларускаму дзяржаўнаму агенству БелТА.

“Перш за ўсё трэба спыніць практыку сталага пашырэння санкцыяў з боку ЕЗ, – заклікаў Савіных. – І рэч зусім не ў тым, ці маюць санкцыі эфект. Важна, што гэтая практыка выключае магчымасць асэнсаванага і рацыянальнага збліжэння пазіцыяў”.

31 студзеня 2011 г. на пасяджэнні ў Бруселі Рада ЕЗ зацвердзіла спіс прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, чый уезд у Еўрасаюз забаронены ды чые актывы падпадаюць пад замарожванне. На думку чальцоў Рады, гэтыя асобы спрыялі парушэнню правоў чалавека ў Беларусі. Спіс неаднаразова пашыраўся, і цяпер у ім больш за 200 прозвішчаў. Апошні раз дакумент быў абноўлены 27 лютага 2012 г..

Раней, 28 лютага, улады РБ рэкамендавалі старшыні прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Майры Муоры і амбасадару Польшчы Лешэку Шэрэпку “выехаць у свае сталіцы для кансультацыяў, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцыяў”. У Менск для кансультацыяў адклікалі сталага прадстаўніка Беларусі пры Еўразвязе Андрэя Еўдачэнку і амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка. У адказ краіны ЕЗ адклікалі сваіх амбасадараў з Менску.

Рада ЕЗ мае разгледзець спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесоўцаў, да якіх могуць ужыць санкцыі, у Бруселі 23 сакавіка.

belsat.eu

Стужка навінаў