Жонка Каваленкі спадзяецца на шпіталізацыю мужа


Сёння з палітвязнем Сяргеем Каваленкам, якога ўтрымліваюць у следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску, сустрэлася жонка Алена Каваленка. Паводле яе, стан мужа пагоршыўся, ён з цяжкасцю прыйшоў на сустрэчу.

“Заўтра да яго збіраюцца выклікаць доктара-рэаніматолага, каб параіцца з ім наконт вывядзення мужа з галадоўкі. Працаўнікі СІЗА не ведаюць, як паводзіцца з галадоўнікам. Яны не маюць адпаведных ведаў і абсталявання. Магчыма, яго шпіталізуюць. Спадзяюся, што ў больніцы яму змогуць аказаць кваліфікаваную дапамогу, бо ён скардзіцца на праблемы з пячонкаю ды страўнікам. Раней у яго была язва, хутчэй за ўсё, яна адкрылася, але ў СІЗА яму не прапаноўваюць глытаць зонд”.

Алена Каваленка паведаміла, што вага мужа – каля 50 кг, а тэмпература цела – 35 градусаў. Сяргею Каваленка працягваюць ставіць кропельніцы.

Падчас сустрэчы мужа і жонкі побач увесь час былі трое працаўнікоў міліцыі, якія забаранялі размаўляць на палітычныя тэмы. Са словаў Алены Каваленкі, муж спыняць галадоўкі не збіраецца.

“Канечне, мне б хацелася, каб муж быў дома і не падвяргаў сваё здароўе такому выпрабаванню, але я паважаю ягонае рашэнне, улады вымусілі яго пайсці на такі крок”, – падкрэсліла Алена Каваленка.

belsat.eu

Стужка навінаў