Дзень Волі: металашукальнікі на ўваходзе на пляцоўку


Улады Менску санкцыянавалі правядзенне 25 сакавіка шэсця і мітынгу з нагоды Дня Волі. У сувязі з гэтым палітык Віктар Івашкевіч заклікае ўдзельнікаў мерапрыемства праяўляць уласную ініцыятыву.

Паводле Івашкевіча, каля дзесяці музыкаў далі згоду выступіць на мітынгу на плошчы Бангалор. Таксама плануецца ўдзел сваякоў палітвязняў, прадстаўнікоў беларускіх палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў. “Бел-чырвона-белыя сцягі можна набыць на сядзібе БНФ: вуліца Чарнышэўскага, 3. Можна пашыць самім – кожны можа. Галоўныя лозунгі – “За незалежную Беларусь”, “За свабоду палітвязняў”, “За свабодныя выбары”. Мы запэўнілі бяспеку, месца, гук, дазвол – цяпер праяўляйце ўласную ініцыятыву”, – кажа Івашкевіч.

Ён падкрэсліў, што галоўная мэта Дня Волі – даць магчымасць людзям “адчуць, што і персанальна ад іх залежыць лёс Беларусі”.

У сваю чаргу старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас паведаміў, што ў сувязі з апошнімі папраўкамі ў Закон аб масавых мерапрыемствах Віктар Івашкевіч не мае права падпісваць заяўку на мітынг, “бо на ім ёсць спагнанне за папярэднія масавыя мерапрыемствы”. “Нам прапанавалі перапісаць заяўку. Па ўсіх астатніх пунктах паведамілі, што ўлады не супраць правядзення мерапрыемстваў у тым фармаце, у якім яны заяўленыя, пра што нам учора і паведамілі афіцыйна на сустрэчы ў Менгарвыканкаме. Сустрэча прайшла ў добразычлівай атмасферы з боку ўладаў. Была заяўлена гатоўнасць не чыніць аніякіх перашкодаў, зацікаўленасць, каб гэтае свята прайшло без правакацыяў”, – адзначыў Колас.

Ён нагадаў, што пляцоўка для збору ўдзельнікаў шэсця – каля Акадэміі навук Беларусі, збор пачнецца 25 сакавіка з 13:30. А 14-й гадзіне стартуе шэсце ходнікамі вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалор, дзе 24 сакавіка гарадскія ўлады нават правядуць суботнік.

“Будуць металашукальнікі на ўваходзе на пляцоўку. Не дазваляецца праносіць тое, што звычайна: колючых, рэжучых прадметаў, зброю, а вадкасць – толькі ў празрыстых бутэльках. Для выкарыстання сімволікі перашкодаў не будзе – нам паабяцалі. Таксама нам патрэбная дружына, ад кожнай арганізацыі, хоць бы па пяць чалавек. Дружына будзе ахоўваць парадак, каб не было правакацыйяў”, – сказаў Колас.

belsat.eu

Стужка навінаў